Байкот Расеі набірае абароты. Ісландыя перарывае дачыненні з Крамлём


Гэткую меру ўлады ў Рэк’явіку абралі праз адмову Крамля адказваць на пытанні ў справе атручанага Скрыпаля. Акрамя прыпынення кантактаў на вышэйшым узроўні ўлады вырашылі адмовіцца ад паездкі на ЧС па футболе.

Адзначаецца, што ісландскі ўрад так паступае ў знак салідарнасці з Вялікай Брытаніяй і яе саюзнікамі адносна інцыдэнту ў Солсберы.

«Урад Ісландыі заклікае расейскія ўлады даць дакладныя адказы на важныя пытанні, якія датычаць расследавання, і ў поўнай меры супрацоўнічаць з Арганізацыяй па забароне хімічнай зброі. Да таго часу, пакуль не будуць дадзены тлумачэнні, Ісландыя часова адкладае двухбаковы дыялог на вышэйшым узроўні з расейскімі ўладамі. Такім чынам, ісландскія ўлады не будуць прысутнічаць на чэмпіянаце свету па футболе ў Расеі гэтым летам», – гаворыцца ў паведамленні.

Зборная Ісландыі прыняць удзел у чэмпіянаце можа, як і заўзятары – наведаць Расею. Чэмпіянат свету па футболе пройдзе з 14 чэрвеня па 15 ліпеня.

Раней ад паездкі на чэмпіянат адмовіліся чальцы брытанскага ўраду і каралеўскай сям’і, а таксама прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Цягам апошніх дзён больш за 100 расейскіх дыпламатаў выслалі з 15 краінаў ЕЗ, ЗША, Канады, Нарвегіі, Албаніі, Македоніі, Аўстраліі ды Украіны.

Замах на Сяргея Скрыпаля адбыўся 4 сакавіка: былы афіцэр ГРУ і ягоная дачка былі знойдзеныя на лаўцы каля гандлёвага комплексу ў горадзе Солсберы. Паводле брытанскіх праваахоўнікаў, іх атруцілі нервова-паралітычным газам «Новичок», распрацаваным у Расеі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў