Байкот для Масквы. Прэм'ер Брытаніі не паедзе на парад Перамогі


Брытанскі прэм’ер-міністр Дэйвід Кэмэран не мае намеру прысутнічаць 9 траўня на ваенным парадзе ў Маскве, прысвечаным 70-годдзю перамогі ў ІІ сусветнай вайне.

Пра гэта паведаміла прадстаўнік прэм’ера, спаслаўшыся на прычыны дыпламатычнага характару, паведамляе Бі-бі-сі.

Адносіны паміж Лонданам і Масквой у апошні час прыкметна пагоршыліся праз удзел Расеі ў ваенным канфлікце ва Украіне.

Раней на гэтым тыдні міністр абароны Вялікай Брытаніі Філіп Хэманд заявіў, што Расея патэнцыйна ўяўляе самую сурёзную пагрозу для нацыянальнай бяспекі Вялікай Брытаніі.

Брытанія працягвае дыскусію з Расеяй ды занепакоеная дзеяннямі гэтай дзяржавы ва Украіне, паведаміла журналістам прэс-сакратарка брытанскага прэм’ера.

«Урачыстасці ў Маскве, прысвечаныя заканчэнню ІІ сусветнай вайны, пройдуць праз два дні пасля завяршэння ўсеагульных выбараў у Брытаніі, гэта робіць малаверагодным магчымасць прысутнасці на іх Кэмэрана, нават калі адносіны пацяплеюць», – дадала прадстаўніца кіраўніка брытанскага ўраду.

Мэркель прыедзе, але 10 траўня

11 сакавіка Ангела Мэркель заявіла, што не возьме ўдзелу ва ўрачыстасцях на Краснай плошчы 9 траўня.

Як паведаміў прадстаўнік Мэркель, замест наведвання параду канцлер плануе візіт у Маскву 10 траўня, каб паўдзельнічаць у жалобнай цырымоніі з ускладаннем вянкоў да магілы Невядомага салдата.

Пакуль невядома, ці прыедзе ў Маскву хто-небудзь з лідараў краін антыфашысцкай кааліцыі, якая ваявала супраць гітлераўскай Нямеччыны.

Злучаныя Штаты і ЕЗ неаднаразова абвінавачвалі Маскву ў непасрэдным удзеле ў ваенным канфлікце на ўсходзе Украіны, а таксама ў дапамозе прарасейскім сепаратыстам узбраеннямі і жывой сілай.

Дэйвід Кэмэран нядаўна заявіў, што Расею неабходна спыніць, каб украінскі канфлікт не перакінуўся на суседнія краіны.

МЯ, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў