Багдановіч і яго Дракула. Васіль Дранько-Майсюк да дня народзінаў паэта


Бедныя былі б нашыя сённяшнія настаўнікі, калі б Максім Багдановіч у іх вучыўся!

На ўроках ён рабіў толькі тое, што было цікава яму: разгадваў крыжаванкі, абмяркоўваў учарашні баксёрскі бой, насвістваў арыю з любімай оперы Сальеры, а мог калі зусім было нудна, спакойна выйсці з класа і вярнуцца пад самы фінал заняткаў. Настаўнікі злаваліся, крычалі, пагражалі выключэннем, Багдановічу было ўсё роўна.

А сэнс яму было рэагаваць?

Ён змалку прывык, што нават роднае атачэнне – духоўна чужое. Хто ацаніў яго нечаканае захапленне беларускай мовай? Багдановіча атуляла насмешлівая абыякавасць эгацэнтрыка бацькі, здзеклівыя кепікі ад радні, таварышаў. Нават нябожчыца маці… ён адшукаў яе даўні ліст, дзе яна жалілася мужу, што 4-х гадовы Максім пачаў гаварыць па-беларуску! Бедная! Знайшла бяду!

Рэчаіснасць стамляла і раздражняла. Столькі мітусні і карыкатуры ва ўсіх яе будзённых праявах. У яраслаўскіх газетных допісах Багдановіча паўсядзённасць нагадвала гратэскныя кароткаметражкі Мака Сэнета, альбо з’едлівую графіку Дамʼе.

Сям’я Багдановічаў, 1894 г.

Багдановіч ратаваўся строгай эстэтыкай грэкаў і рымлян, іранічнымі класіцыстамі, мізантропнай творчасцю Эдгара Алана По, а яшчэ беларускай мовай… Што тут дзіўнага? У чым загадка, што нашага хлопца, які жыў у Расеі, прывабіла гэтая мова? Пачатак 20-га стагоддзя – самі пік агульнаеўрапейскай моды на фальклор. Але для Багдановіча гэта была не проста мода.

Беларуская мова – такая незвычайная ў сваёй таямнічай фантомнасці – вабіла і зачароўвала яго, напачатку гэтак жа, як і містычная неадназначнасць раманаў Вашынгтона Ірвінга, дзе туманы і змрок хавалі казачныя постаці асілкаў і міфалагічных герояў.

Беларуская мова – была для Багдановіча дзіка-фэнтэзійнай прасторай, у якой ён хаваўся, дзе натхняўся і жывіўся, імкнуўся авалодаць, каб затым ствараць, выбудоўваць і прыдумляць свой пазачасава-неакласічны свет. Як жа гэта захапляльна і нават узбуджальна, не быўшы фактычна ніколі ў тых мясцінах, дзе бытавала гэтая мова, не чуўшы яе жывога гучання, спасцігаць яе, вучыцца ёй, падпарадкоўваць, як наравістага містычнага каня Лунгту, гэтага спрадвечнага сімвала жыццёвай сілы, упартасці, ды інтэлектуальнай незалежнасці. Што можа быць цікавей?

Таму ў тыя моманты, калі Багдановіч выходзіў з эратычных абдымкаў мовы, хіба мог сурʼёзна ставіцца да рэчаіснасці? Вядома, не! А таму, не толькі дурэў на занятках, а яшчэ і спрабаваў у сваім класе стварыць гурток анархістаў, хаваў ад паліцыі сябра, які ўчыніў выбух на гімназічнай лесвіцы, любіў заводзіць спрэчкі, а затым нечакана, з крыкам заскочыць на стол і станчыць канкан, чым палохаў апанентаў.

Багдановіч з сябрамі-гімназістамі 1911 г.

Калі на гэтай далёкай і загадкавай Беларусі пачалі выпускацца першыя нацыянальныя газеты, яго вершы там не спяшаліся друкаваць. Шмат што знікала ў рэдактарскім стале. Багдановіча гэта не здзіўляла. Хіба ТАМ людзі цікавей, чым ТУТ, у Яраслаўлі? Тое, што супрацоўнікі «Нашай Нівы» гавораць з табой на адной мове, зʼяўляюцца быццам бы тваймі аднадумцамі, павінна нешта вырашаць? Яны, схаваўшыся ў немудрагелістых слязлівых дрындушках пра лапці і ліхую долю мужыка, па-дзіцячы баяцца ісці далей, баяцца альбо не хочуць адчуваць яе чараў, не ўмеюць падпарадкаваць яе неўтаймоўную энергію. Хіба можна крыўдаваць на дзяцей?

Багдановіч пісаў пра тагачасных беларускіх літаратураў бескампрамісныя артыкулы. Заклікаў (цудоўна разумеючы, што не пачуюць) мець дастаткова творчай зухаватасці, каб ламаць звыклыя ўяўленні, выціскаць з сябе гэтую рабскую «правільнасць», быць хуліганістымі, увязвацца ў бойкі з вялікімі. Не пабаяўся ж ён «наехаць» на Пушкіна і даказаць, што рускі класік не меў рацыі, зняславіўшы Сальеры.

Сяргей Вакар. Фрагмент помніка Багдановічу

Калі ў Расеі выйшаў раман Брэма Стокера «Дракула», Максім Багдановіч услед за сваім любімым Аляксандрам Блокам не стамляўся захапляцца гэтай кнігай. Багдановіч заўсёды сімпатызаваў гордым і асуджаным на смерць адшчапенцам (згаданаму Сальеры, міфалагічным Антэю і Страціму-Лебедзю), апраўдваў іх і пераканаўча абараняў. У Дракуле ён убачыў не пачвару, а трагічнага паэта, што жыве не ў сваёй эпосе, вымушаны хаваць сваю сутнасць і, якога энергетычна жывіць яго родная зямля.

Багдановіча гэтак жывіла беларуская мова, дзякуючы якой, ён прыдумаў свой пазачасава-неакласічны свет, поўны таемнага хараства, зразумець які і надалей узбагаціць новымі фарбамі, вобразамі ды эмоцыямі маглі такія ж гордыя, самотнікі – Уладзімір Дубоўка і Міхась Стральцоў.

Глядзіце таксама:

Васіль Дранько-Майсюк, belsat.eu

Стужка навінаў