Баевікі ўзмацнілі абстрэлы каля Марыупалю і Данецку


Украінскія ўлады да апошняга трымаюцца за менскія перамовы. Гэта адзіныя дамоўленасці, якія хаця б на паўгода дазволілі зменшыць інтэнсіўнасць баёў і колькасць загінулых на ўсходзе краіны. Але зацішша на фронце перарываецца кожную ноч, і стрэлы гучаць з новаю сілаю.

Баевікі ўзмацнілі абстрэлы пад Марыупалем і Данецкам, у ход пайшла буйнакаліберная артылерыя, забароненая Менскімі дамоўленасцямі. Украінскае войска трымае пазіцыі. Страты – у абодвух бакоў і сярод цывільнага насельніцтва. Улады Украіны ды самаабвешчаных народных рэспублік у адзін голас цвердзяць пра зрыў мірных пагадненняў.

АНДРЭЙ ЛЫСЕНКА, СПІКЕР АДМІНІСТРАЦЫІ ПРЭЗІДЭНТА УКРАІНЫ Ў ПЫТАННЯХ АТА:

«У зоне антытэрарыстычнай аперацыі зафіксаваныя пралёты чатырох варожых лятальных апаратаў, таксама нашыя памежнікі выявілі адзін беспілотнік і два верталёты краіны-агрэсара на мяжы Крыму і Херсоншчыны. За мінулыя содні ў выніку баявых дзеянняў, абстрэлаў і правакацыяў мы страцілі двух нашых воінаў, яшчэ сямёра атрымалі раненні».

У вайсковых шпіталях Украіны прыбыло параненых. Медыкі просяць дапамогі ў забеспячэнні матэрыяламі ды інструментамі. Улады, занепакоеныя эскалацыяй канфлікту, чарговы раз заяўляюць пра магчымасць абвяшчэння ваеннага становішча ў выпадку маштабнага наступу прарасейскіх фармаванняў.

АЛЯКСАНДР ТУРЧЫНАЎ, САКРАТАР РАДЫ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БЯСПЕКІ І АБАРОНЫ УКРАІНЫ:

«Расею вельмі раздражняе нашая незалежнасць. І Дзень нашай незалежнасці – для Расеі чорны дзень. Менавіта таму ўсе правакацыі яны заўсёды рыхтуюць або напярэдадні, або непасрэдна ў Дзень незалежнасці. Таму ў нас падвышаная гатовасць, каб адбіць любую правакацыю з боку агрэсара».

Паводле Рады нацыянальнай бяспекі і абароны, Расея зноў павялічыла да 50 тысячаў колькасць свайго войска на мяжы з Украінаю. На тэрыторыі акупаванага Данбасу застаюцца яшчэ 9 тысячаў расейскіх жаўнераў. А ў распараджэнні больш як трыццаці тысяч баевікоў – сотні танкаў і тысячы бронетранспарцёраў.

Свет працягвае пагражаць Расеі ўзмацненнем санкцыяў, але падтрыманне Украіны зброяй дагэтуль заблакаванае.

Алена Літвінава, «Белсат», Кіеў

Стужка навінаў