Баевікі расстралялі аўтобус з хрысціянамі ў Егіпце, дзясяткі забітых


У Егіпце баевікі адкрылі агонь па аўтобусе, у якім ехалі копцкія хрысціяне.

Напад адбыўся ў правінцыі Эль-Мінья, у 220 км ад Каіру. Аўтобус накіроўваўся ў манастыр Святога Самуіла.

Егіпецкія СМІ паведамляюць пра гібель як мінімум 23 чалавек. Мясцовы інфармацыйны сайт Al-Yawm al-Sabi са спасылкай на медыкаў піша пра 24 загінулых і 16 параненых. Адказнасць за гэтую атаку пакуль не ўзяла на сябе ніводная тэрарыстычная групоўка.

Апошнім часам копты неаднаразова падвяргаліся атакам баевікоў, тады адказнасць брала на сябе «Ісламская дзяржава».

У выніку двух тэрактаў 9 красавіка ў цэрквах Танты і Александрыі загінулі 46 асобаў. У снежні 2016 году 25 чалавек сталі ахвярамі выбуху падчас малітвы ў копцкім саборы ў Каіры.

Копцкія хрысціяне складаюць 10% ад насельніцтва Егіпту і лічаць сябе паслядоўнікамі апостала Марка. Іх канфесія бярэ пачатак у 50 годзе нашай эры.

КА, belsat.eu, паводле bbc.com, фота Reuters

Стужка навінаў