Баевікі «Ісламскай дзяржавы» знішчылі гістарычную мячэць Масулу


Баевікі «Ісламскай дзяржавы» у сераду ўзарвалі мячэць Ан-Нуры ў абложаным Масуле – адзін з галоўных архітэктурных і рэлігійных помнікаў Іраку.

Камандуючы наступам на Масул іракскі генерал Абдуламір Яралла назваў разбурэнне мячэці «гістарычным злачынствам», паведамляе «Голас Амерыкі». Паводле яго сцвярджэння, падрыў адбыўся, калі іракскія войскі наблізіліся да мячэці.

Менавіта ў гэтай мячэці тры гады таму лідар «Ісламскага дзяржавы» Абу Бакр аль-Багдадзі абвясціў «халіфат», нагадвае Бі-бі-сі.

У сваю чаргу, прадстаўнікі ІД заявілі праз сваё інфармацыйнае агенцтва Амак, што комплекс мячэці ан-Нуры разбурыла авіяцыя ЗША.

Амерыканскія і іракскія камандзіры адпрэчваюць абвінавачванні «Ісламскага дзяржавы» і шкадуюць аб страце мячэці, будаўніцтва якой пачалося ў 1172 годзе. Мячэць ан-Нуры – галоўная суніцкая мячэць Масулу – вядомая сваім «гарбатым» мінарэтаў.

Бітва за Масул працягваецца ўжо каля дзевяці месяцаў. Аперацыю па вызваленні гораду праводзяць іракскія вайскоўцы пры падтрымцы ЗША.

Паводле ААН, у Масуле застаюцца каля 100 тысяч чалавек. Яны жывуць ва ўмовах недахопу вады, прадуктаў і медыкаментаў.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў