Бадзяжныя сабакі загрызлі вартаўніка ў Гомельскім раёне


Цела жыхара вёскі Цягельня з ірванай ранай на шыі знайшоў начальнік аховы мясцовага агракамбінату ў лясным масіве недалёка каля могілак, паведамляе БЕЛТА. Паводле экспертаў, хутчэй за ўсё прычынай смерці мужчыны стала шырокая страта крыві, выкліканая пашкоджаннем буйных крывяносных сасудаў.

Праваахоўнікі мяркуюць, што на пацярпелага напалі сабакі – множныя сляды гэтых жывёлінаў выяўленыя каля цела загінулага.

«У ходзе праверкі ўстаноўлена, што мужчына працаваў вартаўніком на асфальтабетонным заводзе, размешчаным у вёсцы Цягельня. Як сцвярджаюць сведкі, заступіўшы на кругласуткавае дзяжурства, ён вечарам адлучыўся з месца службы і адправіўся ў мясцовую краму, каля якой ў кампаніі знаёмых распіваў алкаголь. Няшчасны выпадак адбыўся з нецвярозым вартаўніком, калі той вяртаўся на працу », – паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.

Пракуратура ўжо выдала загады службам «Спецкамунтранс», Гомельскаму лясгасу, а таксама таварыству паляўнічых і рыбаловаў прыняць меры па адлову і адстрэлу зграі бадзяжных сабак.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары