Бабруйскія католікі просяць Лукашэнку зруйнаваць савецкі пяціпавярховік


Прыхаджане бабруйскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбаю аднавіць гістарычны выгляд будынку.

«Просім Вашай дапамогі, паколькі Вы – апошняя інстанцыя, якая ў сіле нам дапамагчы», – пішуць бабруйчане ў лісце да Лукашэнкі.

У 60-ыя гады фасадную сцяну разам з вежаю касцёлу разбурылі і дабудавалі пяціпавярховы адміністратыўны будынак. Касцёл пабудавалі ў 1901 – 1903 гг. (паводле іншых звестак у 1906 годзе). У 1989 годзе будынак касцёлу вярнулі прыхаджанам.

Фасад касцёлу ў 1914 г.

У лютым-сакавіку вернікі звярнуліся ў гарвыканкам з прапановаю перадаць ім адміністратыўны будынкам. Яны хочуць яго разабраць і аднавіць гістарычны выгляд касцёла.

Адміністратыўным будынкам валодае прадпрыемства «Бабруйскбудкомплекс», якое знаходзіцца на мяжы банкруцтва. Напрыканцы красавіка ТАА «БанкротГруп» узяло на сябе функцыі кіравання прадпрыемствам. Адміністратыўны будынак дабудаваны да касцёлу збіраюцца прадаць за даўгі.

У 2012 годзе «Бабруйскбудкомплекс» прыватызаваў прыстройку. Паводле прыхаджанаў, прыватызацыя прайшла з парушэннямі і без іхнага ўдзелу. Акрамя таго, была прыватызаваная агульная з касцёлам сцяна. Праз даўгі прадпрыемства ў будынку адключылі ваду, ацяпленне і каналізацыю.

Фасад адміністратыўнага будынку

«Усе ніжэйшыя інстанцыі мы прайшлі, адказы ад іх атрымалі. Усе сцвярджаюць, што канчатковае рашэнне аб перадачы будынку касцёла вернікам і аднаўленні ягонага першапачатковага гістарычнага выгляду застаецца за Вамі», – гаворыцца ў лісце да кіраўніка Беларусі.

ЮВ, belsat.eu, паводле babruysk.by, komkur.info

Стужка навінаў