Кіраўніцтва заводу прадставіла сябраў Свабоднага прафсаюзу ў нацысцкай форме. Заплаціць за гэта Br 1,5 млн


Суд абавязаў адміністрацыю заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА) кампенсаваць маральную шкоду, нанесеную сябрам Свабоднага прафсаюзу. Кіраўніцтва заводу раней вывесіла на прахадной плакат, на якім актывісты былі паказаныя ў форме афіцэраў СС.

«Гэты плакат – абраза майго гонару і памяці маіх продкаў»

Пра гэткую «крэатыўнасць» з боку кіраўніцтва бабруйскага заводу мы пісалі яшчэ год таму. Тады, у траўні, на прахадной і ў цэхах прадпрыемства з’явіліся плакаты, у якіх галадоўка сябраў СПБ, якая прайшла напярэдадні, у з’ездлівай форме называлася фікцыяй і падманам. Самі ж працаўнікі разам са старшынёй прафсаюзу Міхаілам Кавальковым з дапамогай фотамантажу былі прадстаўленыя ў форме афіцэраў СС са свастыкамі на рукавах.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Абражаныя прафсаюзаўцы спрабавалі абараніць сваю годнасць зваротам у міліцыю. Але бабруйскае УУС тады хуценька справу закрыла, бо не знайшло аўтара плаката. У той жа час адміністрацыя заводу сама прызналася ў яго вырабе.

Аўтарства на сябе ўзяў начальнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Аляксандр Шункевіч. Што праўда, міліцыя накіравала плакат на лінгвістычную экспертызу ў магілёўскі ўніверсітэт ім.А.Куляшова, якая пацвердзіла, што фотаздымкі са свастыкай можна разглядаць як абразу.

Сябры СПБ звярталіся да дырэктара заводу Аляксандра Аграновіча, чакалі ад яго якіх-небудзь дзеянняў ці выбачэнняў. Але не дачакаўшыся, вырашылі разбірацца са справай у судзе. Міхаіл Кавалькоў падаў позву супраць адміністрацыі заводу ТДіА і асабіста супраць начальніка аддзелу інфармацыі. У якасці кампенсацыі маральнай шкоды старшыня Свабоднага прафсаюзу запрошваў Br 30 млн.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

«Для мяне гэты плакат – вялікая абраза майго гонару і памяці маіх продкаў, – казаў спадар Кавалькоў у судзе. – У Вялікай айчыннай вайне ў мяне загінулі два дзяды. Я лічу, што нясу перад імі адказнасць за тое, што сёння мяне выстаўляць фашыстам, і размяшчаюць гэтыя плакаты на агляд у 3600 працаўнікоў заводу».

Маральныя пакуты праз плакат панеслі і іншыя сябры Свабоднага прафсаюзу.

«Мне патэлефанавалі калегі і сказалі: «Добра выглядаеш у нямецкай форме». Я спачатку не зразумела, а як пабачыла плакаты, свастыку, то вельмі абурылася, – кажа Аксана Кернажыцкая, свідравальніца 2-га механазборачнага цэху. – Я вельмі ўсё гэта перажывала, але сама тады не падала ў суд, бо баялася, што мяне звольняць, а ў мяне дачка вучылася на 4-м курсе».

«У мяне тады на заводзе пыталіся, ці то жартуючы, ці сурёзна: «Ну што? Ты – прыхвасцень фашыста?». Мала сказаць, што было непрыемна», – узгадвае Сяргей Гадун, былы працаўнік заводу.

Завод ТДіА – забаўляльнае прадпрыемства

Адміністрацыя заводу не верыць у маральныя пакуты сябраў СПБ і кажа, што плакат – гэта проста жарт. У той час, як беларускае заканадаўства ўвогуле забараняе выраб і публічнае дэманстраванне прадукцыі з нацысцкай сімволікай і атрыбутыкай (артыкул 17.10 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь і артыкул 1 Закону РБ «Аб экстрэмізме»).

Плакат стаў нібыта адказам кіраўніцтва заводу на «фіктыўную галадоўку» старшыні СПБ.

«Мяне абразіла, што Кавалькоў падманваў сваіх саратнікаў, заклікаў іх да галадоўкі, а сам у гэты час еў, – патлумачыў аўтар плаката Аляксандр Шункевіч. – А я – чалавек троху творчы, таму мусіў адказваць пазоўніку ягонымі метадамі – зрабіць гэткае ж «кіно».

На пытанні суддзі, ці выраб такіх плакатаў уваходзіць у працоўныя абавязкі начальніка аддзелу інфармацыі, Аляксандр Шункевіч казаў:

«Гэты плакат – інфармаванне людзей у сатырычнай форме пра сутнасць галадоўкі Кавалькова. Я ж мушу часам і весяліць людзей».

«Дык што, у вас – забаўляльнае прадпрыемства?», – запыталася суддзя.

«У функцыі нашага прадпрыемства ўваходзяць у тым ліку забаўляльныя іпрэзы. Так што, у пэўнай ступені можна сказаць, што ў нас забаўляльнае прадпрыемства», – адказаў начальнік аддзелу інфармацыі.

Суддзя Ганна Германава пастанавіла ў позве супраць Аляксандра Шункевіча Міхаілу Кавалькову адмовіць. Але факт нанясення маральнай шкоды прызнаць, і абавязаць завод ТДіА выплаціць на карысць старшыні СПБ Br 500 тыс. кампенсацыі маральных пакутаў, Br 400 тыс. – за юрыдычную кансультацыю і B 540 тыс. – аплата дзяржаўнага мыта. Агулам Br 1 млн 440 тыс.

Міхаіл Кавалькоў зазначыў, што задаволены вынікамі суда. І хоць сума кампенсацыі маленькая, але лідара Свабоднага прафсаюзу радуе сам факт прызнання судом неправамерных дзеянняў з боку адміністрацыя заводу ТДіА.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў