Гераіня расследавання Фонду барацьбы з карупцыяй «Насця Рыбка» (сапраўднае імя – Анастасія Вашукевіч), напісала кнігу «Дзённік спакушэння мільярдэра, або Клон для алігарха».
Акрамя пастоў у «Instagram’е», Насця Рыбка апублікавала кнігу, у якой апісала вандроўкі з бізнесоўцам Дзерыпаскам і намеснікам старшыні ўраду Прыходзькам, змяніўшы іхныя прозвішчы. Знайшлося месца ў кнізе не толькі сексу ды апісанню інтым-паслугаў, але і біяграфіі самой дзяўчыны. У адной з нататак яна піша, што працавала на «Хартыю».
«– Ты ў Менск потым пасля паездкі? Куды ты ляціш? І чым увогуле зараз займаешся?
– Не, у Маскву, да верасня я абсалютна вольная. А ў Беларусь я больш ні нагой. Дурная краіна! Падчас майго апошняга наведвання мяне содні ў камеры трымалі.
Ён павярнуўся да мяне:
– Не зразумеў?
– Я была ў апазіцыі на Хартыі, – кажу я, – і нас забралі ў КДБ на допыт, прасілі здаваць змоўцаў, я наагул не разумела, чаго ад мяне хочуць, патрабавала адваката, і праз содні мяне адпусцілі. І неяк наагул няма цяпер жадання вяртацца».
Але гэта выдумка.
«Не, яна ніколі не працавала на Хартыі. Я не ведаю гэтую дзяўчыну», – пракаментавала belsat.eu Наталля Радзіна.
Дзяўчына з Бабруйску, якая працуе ў эскорт-паслугах, дапамагла выкрыць кіраўніка апарату Мядзведзева, намесніка старшыні ўраду РФ Сяргея Прыходзьку ў карупцыйных сувязях з алігархам Алегам Дзерыпаскам. Прычым зрабіла гэта, самая таго не ведаючы.
Расследаванне апублікаваў Аляксей Навальны на YouTube-канале 8 лютага.
ДР belsat.eu