Азербайджанец Раміль прадае кавуны ў Менску і кожнаму пакупніку адказвае «Дзякуй!» ды «Смачна есці!»


У Беларусі ён жыве ўжо 19 гадоў і зазначае, што гэтая краіна яму вельмі даспадобы. Вывучаць мову мужчына пачаў з простых выразаў, але ён усе яшчэ моцна саромеецца, бо прызнаецца, што валодае беларускаю не дастаткова добра.

РАМІЛЬ, ПРАДАВЕЦ КАВУНОЎ: «Дзесьці штосьці ў інтэрнэце пагляджу, калі не ведаю – запытаю ў бабулек, людзі сталага веку перакладаюць невядомыя словы, ну і сам стараюся вывучыць».

На беларускамоўнага прадаўца людзі рэагуюць па-рознаму: хтосьці здзіўляецца, іншыя – спрабуюць самыя падтрымаць размову па-беларуску. Раміль мяркуе, што беларусы, магчыма, проста баяцца размаўляць на роднай мове, але ведаць яе трэба абавязкова.

АЛЯКСЕЙ ШЭЙН, КААРДЫНАТАР КУРСАЎ «МОВАВЕДА»: «На жаль, наш народ з пэўных гістарычных прычынаў так навучыўся прыстасоўвацца да навакольнага асяроддзя, што часам павінныя быць іншыя прарокі, не са сваёй краіны, якія б вучылі і паказвалі сваім прыкладам, як яно можа быць па-іншаму».

Каардынатар курсаў «Моваведа» Аляксей Шэін сцвярджае, што такія выпадкі могуць навучыць беларусаў больш шанаваць і любіць сваё, а таксама дапамагаюць паглядзець на ўласную спадчыну з іншага ракурсу.

Беларуская мова выходзіць за сцены ўніверсітэтаў ды кнігарняў і паступова з’яўляецца на вуліцах гораду. Ёю цікавяцца нават замежнікі – і ня проста цікавяцца, а спрабуюць вучыць ды размаўляць на ёй.

Настасся Храловіч, «Белсат»

Стужка навінаў