Азербайджан купляе беларускія «Паланэзы». Адказ на «Іскандэры» ў Арменіі?


Беларусь можа хутка заключыць першы кантракт на экспарт свайго дальнабойнай ракетнай сістэмы залпавага агню «Паланэз». Гэта, верагодна, стане адказам Азербайджана на набыццё Арменіяй расейскіх «Іскандэраў».

Пастаўка беларускіх ракетных комплексаў можа адбыцца ўжо ў 2018 годзе, піша газета «Коммесантъ» са спасылкаю на крыніцу блізкую да Мінабароны Беларусі.

Па словах крыніцы расейскай газеты, першы кантракт прадугледжвае набыццё адразу дзесяці камплектаў РСЗА – гэта і ракеты, і пускавыя ўстаноўкі, і транспартна-заладавальныя машыны, і кропка кіравання, і радыёлакацыйная станцыя. Пры гэтым працэс заключэння кантракта знаходзіцца на фінальнай стадыі.

Два топ-менеджара прадпрыемстваў расейскай абароннай прамысловасці паведамілі, што замоўцам ракетных комплексаў выступае Баку. МЗС Азербайджана не стала каментаваць гэтую інфармацыю.

Тэрыторыя адкладзенай вайны

Азербайджан з моманту раскладу СССР стаў ворагам Арменіі – паміж краінамі пачаўся крывавы канфлікт за тэрыторыі Нагорнага Карабаху. Рэгіён афіцыйна ўваходзіў у склад Азербайджанскай савецкай сацыялістычнай рэспублікі, аднак адрозніваўся стракатым этнічным складам насельніцтва. У выніку мясцовыя армяне сталі дамагацца выхаду са складу Азербайджану, пачаліся ўзаемныя этнічныя чысткі, а потым і поўнамаштабныя баявыя дзеянні.

Снайпер на лініі размежавання армянскіх і азербайджанскіх войск. Крыніца newcaucasus.com

У выніку Азербайджан страціў кантроль амаль над усім Карабахам і часткай тэрыторыі па-за межамі аўтаноміі – так паўстала Нагорна-Карабахская Рэспубліка, якую прызналі толькі такія ж непрызнаныя Абхазія і Паўднёвая Асетыя. Пры гэтым фактычна ўзброеныя сілы НКР – інтэгральная частка арміі Арменіі.

Канфлікт зараз знаходзіцца ў «замарожанай» фазе, аднак на лініі размежавання даволі рэгулярна адбываюцца сутычкі і абстрэлы.

Абедзве краіны назапашваюць зброю на выпадак аднаўлення баявых дзеянняў, пры гэтым Азербайджан за кошт вялікіх нафтавых прыбыткаў звычайна купляе больш сучасную тэхніку, а Арменія карыстаецца больш шчыльнымі дачыненнямі з Расеяй.

Паўднёвакаўказская гонка ракетных узбраенняў

У 2016 годзе Расея паставіла Арменіі аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр-Э» з дальнасцю дзеяння да 280 км. Такім чынам Арменія атрымала заўважную перавагу над Азербайджанам у сферы высокадакладнай ракетнай артылерыі. Азербайджан у сваю чаргу стаў шукаць спосабы парыраваць гэтую пагрозу.

Выпрабаванні «Паланэзу» на 300 км. ВаенТБ Беларусі

Ужо ў другой палове 2016 года Беларусь прэзентавала на выставе ўзбраенняў ADEX-2016 у Баку свае «Паланэзы» з дальнасцю агню ў 300 км.

Ваенна-эканамічнае сяброўства

Баку як адзін з важных у свеце экспарцёраў нафты раней дапамагаў Беларусі ў перыяд расейска-беларускіх нафтавых канфліктаў. Краіны таксама звязвае блізкасць прыроды палітычных рэжымаў, што дапамагае і захоўваць адносна добрыя асабістыя адносіны прэзідэнтаў – Ільхама Аліева і Аляксандра Лукашэнкі.

Міністр абароны Азербайджана генерал-палкоўнік Закір Гасанаў на фоне РСЗА «Паланэз». Крыніца mod.gov.az

Ва ўмовах ваенна-тэхнічнага спаборніцтва Ерэвана і Баку Менск можа прапанаваць Азербайджану і ракетныя ўзбраенні, і супрацьтанкавыя комплексы, і свае распрацоўкі ў сферы супрацьпаветранай абароны. Таксама Беларусь вядомая сваймі браніраванымі аўтамабілямі і спецыяльнымі колавымі шасі для вайсковай тэхнікі. На ўсё гэта Баку мае грошы дзякуючы нафце.

Як танчыць «Паланэз»?

РСЗА «Паланэз» прызначаная для паражэння адкрыта размешчанай і ўкрытай жывой сілы, небраніраванай і браніраванай ваеннай і ваенна-спецыяльнай тэхнікі, артылерыі, ракетных і зенітных ракетных комплексаў, авіяцыйнай тэхнікі на аэрадромах базавання і іншых аб’ектаў на далёкасці ад 50 да 300 км з высокай дакладнасцю.

РСЗА «Паланэз» на палігоне. Фота vzglyad.az

Рэактыўная сістэма залпавага агню ўпершыню была прадстаўлена 9 траўня 2015 года на ваенным парадзе ў Менску. Было заяўлена, што гэтая баявая машына можа адначасова нанесці кропкавы ўдар па васьмі цэлях.

РСЗА ўстаноўленая на чатырохвосным шасі высокай праходнасці МЗКЦ-7930.

Спачатку комплекс біў на 200 км, аднак у мінулым годзе прайшло выпрабаванне ракеты з дальнасцю да 300 км. Пры гэтым, калі спачатку комплекс, верагодна, выкарыстоўваў ракеты цалкам ці часткова кітайскай вытворчасці, то на 2018 год запланаваныя выпрабаванні цалкам беларускіх ракет.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў