Аватараў: Расказваў пра добраахвотнікаў пад катаваннямі


20 красавіка ў Фрунзенскім судзе Менску скончылі допыт сведак і разгляд пісьмовых матэрыялаў справы беларускага добраахвотніка Тараса Аватарава. Суддзя абвесціла перапынак да раніцы чацвярга.

Падсудны заяўляў у якасці эксперта свайго бацьку

Падпалкоўнік юстыцыі, супрацоўнік аддзелу тэхнічнай экспертызы Цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэту судовай экспертызы Сяргей Ігнатовіч паўтарыў заключэнне экспертызы: граната, знойдзеная ў Аватарава, – самаробнае выбуховае прыстасаванне тыпу «асколачная граната». Даючы паказанні, эксперт заявіў, што вырабіць такую можна, калі ёсць бескантрольны доступ да боепрыпасаў. Экспертыза канстатуе прыдатнасць гранаты да выбуху.

Адказваючы на пытанні абароны, як праводзіліся яе выпрабаванні, ён распавёў, што дадзены выраб прывязваўся да драўлянага кію, умацаванага ў грунце. Падрыў рабіўся дыстанцыйна з бяспечнага прыкрыцця. «Пасля таго, як вырваў чаку, цягам 4 секунд яна выбухнула», сведчыў эксперт.

Сярод ягоных паказанняў ішло таксама пра тое, што «граната зробленая на аснове гексагену, які выняты з грамадскага звароту». Прыстасаванне з такім змесцівам «ужо зʼяўляецца крымінальнай адказнасцю».

Заключэнні эксперта аспрэчылі паказанні бацькі Аватарава. Іван Поспіх (1955 г. н.) – прафесійны сапёр. Паводле ягоных словаў, ён абясшкодзіў некалькі тысяч выбуховых прадметаў, удзельнічаў у размінаванні Менску, Менскай, Віцебскай і Гарадзенскай вобласцяў. Падсудны заяўляў яго ў якасці эксперта, аднак суд адхіліў заяву, таму што бацька Аватарава быў у спісе сведкаў.

Іван Поспіх зазначыў, што граната, знойдзеная ў сына – не зʼяўляецца самаробнай выбуховай прыладай. Утылізаваць яе можна толькі электрычным спосабам. Таксама ён звярнуў увагу на тое, што паводле маркіроўкі, граната вырабленая ў 1979 годзе, а тэрмін яе прыдатнасці – не больш за 15 год. Такім чынам, яна не магла ўзарвацца.

Грашовыя ахвяраванні для добраахвотнікаў

У верасні 2015 году ў Менску падсудны сустракаўся з журналістам Уладзімірам Чудзянцовым, які быў выкліканы ў якасці сведкі. З Аватаравым ён пазнаёміўся ў сацыяльных сетках. Той падпісваўся нікамі «Тарас Аватараў», «Друг Дук», «Тарас Поспіх». Журналіст з асабістых зберажэнняў ахвяраваў беларускім добраахвотнікам ва Украіне 100 долараў праз Аватарава. Пазней той даслаў яму справаздачу, што ён купіў за тыя грошы. За дзень да затрымання Тарас прапаноўваў журналісту сустрэцца зноў, аднак той быў заняты.

У якасці сведкаў дапыталі таксама двух прадаўцоў з крамы «Евросеть» на станцыі метро «Пушкінская» ды прадаўца з крамы «Камуфляж.by», куды Аватараў наведваўся ў лістападзе 2015 года.

Маці падсуднага расказала, што Тарас – малодшы сын у сям’і. Вучыўся на выдатна, граў у баскетбол, шахматы ды «Што? Дзе? Калі?» Сям’я жыла ў ваенным гарадку каля Наваполацку. Падсудны скончыў 11 класаў ды паступіў у Полацкі ўніверсітэт на спецыяльнасць «Інжынер вуглевадародных матэрыялаў», аднак быў выключаны на 4 курсе – з характарыстыкі ад высокай школы вынікае, што праз акадэмічную непаспяховасць. Паводле маці, пасля ён працаваў праграмістам, лабарантам, грузчыкам, паехаў у Маскву, дзе быў прадаўцом-кансультантам у «гандлёвай сетцы, звязанай з кампʼютарамі».

Два гады Тарас быў дома, бо вярнуўся з язвай страўніка. 5 кастрычніка 2015 году ён сказаў бацькам, што «паедзе ўладкоўваць сваё жыццё, каб не сядзець на плячах». Куды збіраецца Тарас, яны не ведалі. 26 лістапада маці забралі ў КДБ, дзе казалі «ваш сын – псіх і тэрарыст, удзельнічаў у баявых дзеяннях». Інфармацыю пра Тараса яны збіралі з навінаў. Маці сведчыць, што для сям’і стала нечаканасцю тое, што Тарас быў ва Украіне.

Сюпрызам для сямʼі стала і тое, што Тарас змяніў прозвішча. Людміла Поспіх тлумачыць, што з дзяцінства ён не любіў свайго імя. Паколькі адначасова памяняць і прозвішча, і імя нельга, то спачатку ён узяў прозвішча Аватараў, а ў будучыні збіраўся памяняць таксама імя.

Аватараў прасіў пра праслухоўванне аўдыязапісу допыту без прэсы

У матэрыялах справы фігуруюць 4 аўдыяфайлы працягласцю прыкладна па 20 хвілін кожны. Перад праслухоўваннем Тарас заявіў хадайніцтва пра праслухоўванне аўдыязапісу допыту без прэсы. Калі суддзя адхіліла просьбу, падсудны заявіў, каб у якасці сведак выклікалі супрацоўнікаў ГУБАЗіК, якія гэты допыт рабілі.

Запіс, прадстаўлены ў судзе, зроблены вельмі няякасна. На фоне ўвесь час было чуваць крокі па падлозе, званкі тэлефонаў, незразумелыя жаночыя галасы, шчаўчкі замкоў. Тым не менш некаторыя ўрыўкі ўдалося пачуць выразна.

«Пісталет вы дзе ўзялі? – У Расеі… 200 чырвоных… Працаваў там».

«Наш участак – прыгарад Данецку».

«Прыязджалі мастакі – рабілі выставу, малявалі быт».

«Колькі ты атрымоўваў? – Ніколькі. – Ты не хвалюйся. – Грошай не атрымоўваў. – Кармілі цябе там? – Так».

«Грамадзяне Украіны там ёсць? А нашыя? (неразборліва) Усё? Больш няма?».

«З Брута асабіста знаёмы. – Бачыў аднойчы. Ці то Брута, ці то Гары – З кім яшчэ з беларусаў знаёміўся там? – Рустам быў. Ян Хмара. Хтосьці яшчэ з тактычнай групы «Беларусь». – Але гэта ж псеўданімы. – Так. Я ведаю, што ягоная радзіма – Берасце. – Колькі іх? (неразборліва) Каму яны падпарадкоўваюцца? (неразборліва) Падключаліся да 5-га і 7-га батальёну Што вы планавалі. – Зайсці ў Данецк праз Макееўку».

Пасля праслухоўвання Аватараў заявіў, што даваў паказанні пад уздзеяннем прэпаратаў і катаванняў ды просіць лічыць іх несапраўднымі.

Знайшоў гранату ў аўце, у якім перасякаў мяжу

Пасля пачатку допыту, настрой абвінавачанага з жартаўлівага і нязмушанага змяніўся на нервовы, часам – агрэсіўны.

«Злачынства паводле артыкулу 295, часткі 2, я здзейсніў, але не ў фармулёўцы абвінавачвання. Гэта не выбуховае прыстасаванне, а сігнальная граната. Яна вырабленая на тэрыторыі Расеі і прададзена на тэрыторыі Расеі», – адказаў на пытанне пракурора Аватараў.

Падсудны адмовіўся расказваць пра шлях перамяшчэння гранаты па Украіне. Пракурор папрасіў расказаць яго пра перамяшчэнне прыстасавання па Беларусі.

«Я ўбачыў яе ў Гомлі разам з рэчамі. На сваім згорнутым бауле. Яна была ў кішэні дзверцы аўтамабіля. На жаль, я не магу дакладна сказаць, супрацоўнікі якога органа дамаўляліся, каб я яе перавёз. Я ўспрыняў яе як муляж. Па ёй было відаць, што яна несапраўдная. Цягніком даехаў да Менску. На вакзале зайшоў у інтэрнэт-кавярню, напісаў паведамленні сябрам, што я ў Менску. Паехаў на «Пушкінскую». Там пакінуў рэчы ў краме «Евросеть». Я ведаў, там нармальныя дзяўчаты, яны нічога не возьмуць. Схадзіў на Ракаўскі кірмаш, у краму «Камуфляж.by». Я мераў там камізэльку для кеўлара. У мяне была свая пласціна для гэтага», – распавёў Аватараў.

Затым ён паехаў у Жодзіна, каб сустрэцца са сведкай К. Аднак дзяўчына не прыйшла. Аватараў паразмаўляў там са знаёмымі і вярнуўся ў Менск. Увесь гэты час граната была з ім.

На менскім вакзале Аватараў стаў чакаць транспарт у Наваполацк. Каля 04.50 да яго падышоў міліцыянт Шуст праверыць дакументы. Яны прайшлі ў аддзяленне, дзе Аватараў сам пажадаў здаць гранату і пісталет.

Суддзя зачытала вытрымкі з пратаколу допыту за 18 студзеня 2016 году, дзе Аватараў пацвердзіў, што даведкі – ягоныя. Іх выдаў яму ягоны «сябар Кулібін». З расшыфроўкі допыту, які быў заслуханы, вынікае, што «гранату зрабіў для яго сябар з «Правага Сектара».

Тарас адказаў, што «гэтымі дакументамі можна падцерціся», бо паказанні былі дадзеныя пад гвалтам.

Падсудны часта пытае ў суддзі дазволу паразмаўляць з прэсай, на што кожны раз атрымлівае адмову. Напрыканцы паседжання ён сказаў усім, што заўтра ў яго – дзень народзінаў.

21 красавіка Тарасу Аватараву споўніцца 29 год.

ХМ, belsat.eu

Тараса Аватараў – жыхар Наваполацку, добраахвотнік «Правага сектару». У леташнім лістападзе яго затрымалі ў Менску на чыгуначным вакзале. Паводле міліцыі і КДБ, Тараса Аватараў меў пры сабе зброю, выбухоўку і бронекамізэльку.

Глядзі таксама
Каментары