Аварыя ў Крупскім раёне: Перабягаў дарогу і трапіў пад колы трох аўтаў


Пераход дарогі скончыўся смяротнай трагедыяй.

Інцыдэнт здарыўся 21 лістапада ў Крупскім раёне. 51-гадовы кіроўца, які рухаўся на «Fiat Scudo» па правым баку руху ў бок Менску, здзейсніў наезд на пешахода, які перабягаў праезджую частку.

«У выніку ўдару мужчына пераляцеў на левую паласу руху, дзе на яго здзейсніла наезд неўсталяванае аўта, а таксама «Volkswagen Caddy», – паведамілі ў ДАІ.

35-гадовы пешаход ад атрыманых траўмаў загінуў на месцы. Загінулы не меў флікера. Па факце ДТЗ распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 317 («парушэнне правілаў дарожнага руху альбо эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, якое па неасцярожнасці стала прычынай смерці») Крымінальнага кодэксу Беларусі. Асуджанаму паводле гэтага артыкула можа пагражаць пазбаўленне волі тэрмінам да пяці год.

Чытайце таксама >>> Страшная аварыя ў Глускім раёне: загінулі бабуля і яе ўнучка

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў