Аварыя «Союз МС-10»: расейская ракета не даляцела да МКС


Падчас запуску ракеты «Союз МС-10», якая ляцела на Міжнародную касмічную станцыю, на 199 секундзе палёту адбылася аварыя. Экіпаж прызямліўся ў Казахстане на адмысловым апараце. Усе жывыя.

Запуск ракеты паказвалі ў жывым эфіры NASA Live. Онлайн-трансляцыю зладзіў і «Роскосмос».

За запускам з касмадрому Байканур назіраў кіраўнік «Роскосмос» Дзмітрый Рагозін і кіраўнік NASA Джым Брайдэнстайн.

Паводле крыніцы «Интерфакс», аварыя здарылася падчас аддзялення бакавых блокаў першай ступені ад цэнтральнага блока другой ступені ракеты-носьбіта. «Затым спрацаваў аварыйны маяк, карабель падзяліўся на адсекі і выпусціў парашут», – паведаміла расейскаму выданню крыніца.

Экіпаж прызямліўся ў 400 км ад месца запуску.

Апошняя аварыя пілатуемага карабля «Саюз» адбылася падчас місіі «Саюз-18/01». Палёт, які адбыўся 5 красавіка 1975 г., доўжыўся 21 хвіліну і 27 секундаў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў