Авакаў: сотні амерыканскіх дэсантнікаў едуць ва Украіну


На палігоне ў Львоўскай вобласці 20 красавіка маюць прайсці вучэнні з удзелам амерыканскіх дэсантнікаў.

Пра гэта паведамляе на сваёй старонцы ў Facebook’у міністр унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў. «Уяўляю істэрыку расейскіх прапагандыстаў у СМІ пасля гэтага майго паста. На тыдзень працаю забяспечаны, калі не на месяц», – піша Арсэн Авакаў у каментары.

290 амерыканскіх дэсантнікаў высадзіцца 20 красавіка на Яварыўскім палігоне. Менавіта тут пройдуць працяглыя сумесныя вучэнні-трэнінгі 173 паветрана-дэсантнай брыгады арміі ЗША і баявых падраздзяленняў Нацгвардыі. Пра гэта дамовіліся прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка і віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

У вучэннях возьмуць удзел 900 байцоў Нацыянальнай гвардыі Украіны з падраздзяленняў «Азоў», Батальён імя Кульчыцкага, «Ягуар», «Амега» ды іншых частак з Кіева, Харкава, Запарожжа, Адэсы, Львова, Івана-Франкоўску і Вінніцы. Амерыканцы пакінуць ім пасля вучэнняў амуніцыю ды сродкі сувязі.

Раней стала вядома, што Пятро Парашэнка сваім указам дазволіў войскам дзяржаваў-чальцоў НАТО праводзіць вучэнні на тэрыторыі Украіны.

25 сакавіка Украіна атрымала ад ЗША дзесяць за 230 абяцаных амерыканцамі аўтамабіляў Humvee (высокарухомых шматмэтавых колавых транспартных сродкаў – High Mobility Multipurpose Wheeled Vehicle).

АК, belsat.eu, паводле news.liga.net, ukraine.usembassy.gov

Стужка навінаў