Аўтастаянка, вяселлі і цагляны плот: на чым зарабляюць беларускія спартовыя клубы


ФК «Дынама-Берасце» ніяк не можа прадаць офіс з цагляным плотам, баскетбольныя «Цмокі» здаюць залу пад вяселлі і канферэнцыі, а хакейны клуб «Віцебск» – памяшканні ў гандлёвым цэнтры.

Берасцейскае «Дынама» з ліпеня прадае офіс – каб разлічыцца з даўгамі. Пасля няўдалага аўкцыёну абʼява аб продажы «адміністратыўна-гаспадарачага будынку» клубу з «цагляным плотам» і «металічнай брамай» зʼявілася на старонцы «Белаграпрамбанку».

Як яшчэ беларускія спартовыя клубы зарабляюць з дапамогай сваёй маёмасці?

ХК «Віцебск»: стаянка, кавярня, гандлёвы цэнтр

«Кавярня наша, трэнажорная зала, платная стаянка, гандлёвы дом, з арэнды плошчаў у якім маем прыбытак. Займаемся рэкламнай дзейнасцю. Кавярня ў нас у лядовым палацы, там харчуюцца ўласна хакеісты, што ўжо нямала. Прыходзяць паесці іншыя людзі, праводзяцца карпаратыўныя мерапрыемствы, вяселлі. Напрыклад, у гэтым месяцы кавярня вельмі загружаная», – распавядае Belsat.eu намеснік гендырэктара хакейнага клубу «Віцебск» Юрый Катовіч.

Кавярня «Айс» у віцебскім лядовым палацы

Раней клуб зарабляў больш арыгінальнай паслугай: ладзіў за грошы скокі з парашутнай вышкі. Больш як два гады таму вышку перадалі Віцебскаму аэраклубу.

Юрый Катовіч прызнаецца, што ўласнымі сіламі клуб зарабляе толькі каля 25 % свайго бюджэту.

Баскетбольныя «Цмокі»: канферэнцыі і вяселлі

Баскетбольны клуб «Цмокі» за грошы прапануе скарыстацца басейнам, трэнажорнай залай, саўнай і канферэнц-залай. Апошнюю на гадзіну можна зняць за 550 тыс. рублёў (каля $ 30). Часам здымаюць залу і для вяселляў.

«Было б добра, і мы да гэтага імкнемся, каб выйсці на ўзровень, калі б мы зараблялі хаця б палову таго, што выдаткоўваем. Тое, што зарабляем зараз, больш-менш пакрывае, можа, заробак офісных працаўнікоў ці нейкія маркетынгавыя рэчы», – тлумачыць Аляксандр Куль, дырэктар цэнтру эканамічнага развіцця і спартовага маркетынгу БК «Цмокі».

Руская парыяльня БК «Цмокі»

На яго думку, пра вынік можна будзе казаць, калі ўдасца папулярызаваць «цмокаў» настолькі, што на іх збярэцца цэлая «Менск-Арэна». Заўзятары такім чынам прагаласуюць за клуб рублём.

Пакуль жа «Цмокі» пра стварэнне паўнавартаснай кавярні (пакуль у канферэнц-залі дзейнічае міні-кавярня).

«Футбольная» гасцініца ў Бабруйску

Бабруйскі футбольны клуб «Белшына» валодае гасцініцай «Юбілейная» (з рэстарацыяй), стадыён са штучным пакрыццём імя Пракапенкі, а таксама мае ў сваёй інфраструктуры спорткомплекс «Славянка».

«Зразумела, гэта ўсё прыносіць прыбытак. Але, скажам так, гэта не тыя грошы, каб утрымліваць футбольны клуб. Але гэта таксама пэўны адсотак, не магу назваць які, але дастаткова добрая частка, якая дазваляе вырашаць надзённыя пытанні: замовіць аўтобус, гасцініцу на выездзе, пакрываць такія выдаткі», – заўважае прэс-сакратар ФК «Белшына» Аляксандр Чыгір.

Клуб будзе старацца зарабляць грошы, заўпэўнівае прэс-сакратар, бо «іншага выйсця няма». Але сам жа адзначае, што «поле для манеўра не вельмі вялікае».

Іншы клуб з магілёўскай вобласці – «Дняпро», які не можа пахваліцца спартовымі вынікамі, мае ва ўласнасці два аўтарынкі і адзін рынак звычайны. Але пагаварыць з Belsat.eu пра акупляльнасць дырэктар магілёўскага клубу Валерый Стральцоў адмовіўся.

Даведка: у адпаведнасці з прэзідэнцкім указам аб дзяржпатрымцы спорту (дзейнічае з 1 траўня 2013 года) на дзяржпадтрымку ў наступным годзе могуць прэтэндаваць толькі клубы, акупляльнасць якіх у гэтым годзе склала мінімум 50 %.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu, фота з сайтаў БК «Цмокі» і ХК «Віцебск»

Стужка навінаў