Аўтары «Нашай гісторыі» запрашаюць на сустрэчу чытачоў


Аўтары і рэдактары часопісу «Наша гісторыя» запрашаюць чытачоў на першую аўтограф-сесію. Сустрэча адбудзецца сёння – 4 верасня ў Менскай кнігарні «Акадэмкніга» ад 18 да 20 гадзіны.

Стваральнікі часопісу адзначаюць, што не чакалі такога попыту на сваё выданне. Галоўны рэдактар Андрэй Дынько кажа, што наклад з дадрукоўкамі ўжо дасягнуў каля 6000 асобнікаў.

Такая папулярнасць, як я вельмі спадзяюся, абумоўлена тым, што беларусы, нарэшце, распачалі цікавіцца гісторыяй. – Распавёў для Белсату Андрэй Дынько. – Будзем спадзявацца, што цікавасць не знікне.

Глянцавы часопіс мае 100 старонак. Аўтары публікацыяў – дактары і кандыдаты навук. Арыентаваны часопіс на звычайнага чытача, а не на навукоўцаў. Падобныя часопісы – досыць папулярныя ў Заходняй Еўропе, але ў Беларусі – гэта першае падобнае выданне.

За мяжой, у прыватнасці ў Нямеччыне, Польшчы, досыць шмат тэматычных гістарычных часопісаў, – кажа Андрэй Дынько, – таму, карыстаючыся досведам замежных краінаў, мы таксама вырашылі стварыць нешта падобнае ў Беларусі. І попыт на часопіс апынуўся вельмі вялікі.

Прычым набыць часопіс можна не толькі ў друкаваным выглядзе, але таксама і ў электроннай версіі.

Адначасова мы распачалі продаж не толькі папяровай версіі, але таксама і ў ПДФ-версіі, – адзначыў Андрэй Дынько. – Праўда, калі папяровая разышлася накладам некалькі тысячаў асобнікаў, то ў электронным выглядзе прададзена ўсяго толькі каля 50 асобнікаў. Але для тых, хто жыве па-за межамі нашай краіны, я рэкамендую набываць электронную версію, яна нічым не горшая, за папяровую і такая ж прыгожая.

Падпісацца на часопіс можна толькі на наступны год. Падпісны індэкс 18008. А сёлетнія нумары можна набыць ў шапіках, альбо кнігарнях.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў