Аўтару тэрміну «біт» сёння споўнілася б 100 гадоў


Графіці з партрэтам Клода Шэнана.

«Гугл» прысвяціў малюнак-застаўку матэматыку Клоду Элвуду Шэнану, аўтару тэорыі інфармацыі.

Клод Шэнан нарадзіўся 30 красавіка 1916 года ў прыбярэжным курорце Петоскі ў штаце Мічыган. У дзяцінстве хлопчык захапіўся канструяваннем механічных і аўтаматычных прыладаў: ён збіраў мадэлі караблёў і самалётаў, якімі можна было б кіраваць праз радыё, ды наладзіў тэлеграфную сувязь з хатай свайго сябра.

У 1932 годзе Шэнан паступіў у Мічыганскі ўніверсітэт, дзе вывучаў матэматыку і электратэхніку. Ягоная дыпломная праца была прысвечаная лічбавым ланцужкам. Говард Гарднэр з Гарвардскага ўніверсітэту казаў, што гэтая магістарская праца – «бадай, найважнейшая ў ХХ стагоддзі».

Гуглаўскі «дудл» у гонар Шэнана запісаны адзінкамі і нулямі.

Яшчэ ў маладосці Шэнан зразумеў важнасць двайковага коду, і прароча сцвердзіў, што радкамі адзінак і нулёў можна запісаць тэкст, малюнак і гук.

Шэнан – заснавальнік тэорыі інфармацыі, якая знайшла прымяненне ў сучасных высокатэхналагічных сістэмах сувязі. Навуковец унёс вялікі ўклад у тэорыю імавернасных схемаў, тэорыю аўтаматаў і тэорыю сістэмаў кіравання – галіне навук, якія ўваходзяць у паняцце «кібернетыка».

У 1948 годзе матэматык прапанаваў выкарыстоўваць слова «біт» для абазначэння найменшай адзінкі інфармацыі.

На сёння ўсе сістэмы лічбавай сувязі праектуюцца на падставе фундаментальных прынцыпаў і законаў перадачы інфармацыі, якія распрацаваў Шэнан.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары