Аўтарка «Магутнага Божа» – анёл ці д'ябал?


Наталля Арсеннева, якой сёння споўнілася б 115 гадоў, такая ж загадкавая, як гераіні кіназорак Грэты Гарба ці Мішэль Морган. Генадзь Бураўкін пра яе пісаў: «Доўгія гады яна была для мяне легендай, калі цяжка зразумець, дзе канкрэтны, рэальны чалавек, а дзе – рамантычны вымысел ці хітрая плётка. Адны гаварылі пра яе як пра выдатную паэтку, прыгожую, інтэлігентную жанчыну. Іншыя ж з адкрытай нянавісцю называлі прыслужніцай гітлераўскіх акупантаў і здрадніцай».

Пра Наталлю Арсенневу і цяпер непажадана згадваць у беларускім афіцыйным друку.

Чаму? Такое непрыняцце мае логіку. Варта хаця б пачытаць успаміны паэта Валянціна Тараса: «Наталлю Арсенневу я чуў і бачыў у 1942 годзе ў Менску. Смуглявая, зграбная, прыгожая жанчына. На літаратурнай сустрэчы, наладжанай актывістамі так званай Беларускай народнай самапомачы, яна чытала вершы пра Бацькаўшчыну, родную прыроду, гістарычныя балады. Але чытала яна і антысеміцкія вершы, здзеклівыя, прасякнутыя нянавісцю, і вершы пра ворагаў-маскалёў… »

Цытуючы Тараса, можна таксама прыгадаць і пра «крамольныя» эмігранцкія інтэрв’ю Арсенневай, дзе паэтка называла партызанаў крывавымі бандытамі, успомніць яе рызыкоўныя сцверджанні, быццам пры акупацыі Беларусь зведала росквіт нацыянальнай культуры…

І не гледзячы на ўсё гэта да Арсенневай заўсёды спагадна ставіўся паэт-камуніст Максім Танк. Многім ён не мог дараваць супрацу з нацыстамі, і нават патрабаваў у 60-ыя гады іх выдачы савецкаму суду, а Наталлю Арсенневу не абвінавачваў, справядлівай расплатай не палохаў.

Цікава чаму? Хіба Тарас яму не пажаліўся на яе антысеміцтва?

У 1930-ыя гады Максім Танк творча ўплываў на гераіню нашага артыкулу. Прачытаўшы яго энергічныя, напорлівыя творы (як быццам напісаныя ў нейкім бясконцым руху, дзе-небудзь у цягніку, самалёце, ракеце), Наталля Арсеннева творча мяняецца. Пасля традыцыйна-прыродаапісальных вершаў з першага зборніка «Пад сінім небам» (1927) у паэткі зʼяўляюцца такія дзівосныя творы, як напрыклад «Хворая восень»:

Дождж імжыць ужо некалькі дзён, / і на сьвеце так нудна і шэра. / На асеньні дурны забабон, / як на грыпа, зямля захварэла. / Хрыпла плача з-за мокрых вуглоў, / і трасецца асінавай трасцай, / жоўтай пенай асьлізлых лістоў / у далечы плюе, дзе удасца. / Будзе гэтак туляцца, стагнаць, / пакуль лёд не сатне яе сіні, / пакуль сьнежань ня прыйдзе ёй даць / сьнежнабелы драбок аспірыны».

Верш, дарэчы, быў складзены ў тым жа 1936-м, тады, калі выйшаў дэбютны зборнік паэзіі Максіма Танка «На этапах».

У 1937 годзе на сваім творчым вечары ў Вільні Арсеннева просіць выступіць Максіма Танка, фатаграфуецца з ім, радуецца, што пазнаёмілася з гэтым імпэтным хлопцам. Ёй падабаліся смелыя, фізічна моцныя мужчыны-рыцары, здатныя на сапраўдныя ўчынкі. Такім рыцарам для яе стаў Максім Танк.

Ён неаднойчы дапамагаў. Калі ў 1939 годзе бальшавікі занялі Заходнюю Беларусь, і Наталля Арсеннева пайшла працаваць у «Сялянскую газету» (у Вілейцы), Танк, які таксама там супрацоўнічаў, творча і прафесійна ёй спрыяў. А ў сваіх успамінах згадваў наколькі лёгка з Арсенневай працавалася: «яна была вельмі сімпатычная, таварыская, нейкі вітальны чалавек… столькі энергіі ў яе было!»

Арсеннева наіўна спрабавала прыстасавацца да савецкіх рэаліяў. Пісала артыкулы пра «вызваленых» жанчын Заходняй Беларусі. Услаўляла ў сваёй паэзіі калгасы, Сталіна, новае шчаслівае жыццё. Але падобныя радасна-усхваляваныя рыфмаванкі не дапамаглі.

У красавіку 1940 года «вольную жанчыну Заходняй Беларусі» Наталлю Арсенневу арыштоўваюць і высылаюць працаваць у галодныя калгасы Казахстана. І тут, паводле ўспамінаў паэткі, менавіта Максім Танк праявіў сябе, як сапраўдны рыцар. Пісаў ёй лісты, а таксама (разам з іншымі беларускімі савецкімі пісьменнікамі) хадзіў да Панамарэнкі, актыўна спрыяў вызваленню.

Арсенневу адпусцілі вясной 1941 года, і Максім Танк дапамагае ўладкавацца працаваць у беластоцкую газету «Вольная праца».

І вось пачынаецца вайна. Час, калі ў паэткі, па словах Валянціна Тараса, зʼяўляюцца яе загадкавыя антысеміцкія вершы.

Ці была Арсеннева юдафобкай? Калі гэта праўда, то яна наўрад ці б сябравала з Антонам Луцкевічам, чыя жонка была габрэйкай. Не пісала б у вілейскіх артыкулах пра «жудаснае жыццё жанчыны-яўрэйкі». А на эміграцыі з жахам не ўспамінала б, што напачатаку вайны: «…стала нявольным сведкам таго, як немцы ажыццяўлялі акцыю знішчэння яўрэяў, як жаўнеры здзекваліся, як пакутвалі людзі..».

Значыць, Валянцін Тарас маніў? І тут адназначнага адказу няма. У друку антысеміцкіх вершаў Арсенневай не выяўлена. Магчыма, спадар Валянцін (якому тады было 12 гадоў) нешта наблытаў? А, магчыма, паводле развагаў паэта Леаніда Дранько-Майсюка, калі прыняць на праўду ўспаміны Тараса, гераіня нашага артыкула была вымушана падпарадкоўвацца абставінам. І таму перад самай вайной пісала оды «правадыру ўсяго свету таварышу Сталіну», а пад час нямецкай акупацыі магла (што, паўтаруся, пакуль дакументальна не даказана) скласці адпаведную дрындушку-аднадзёнку, якая б задаволіла мясцовае нацысцкае начальства.

Але гэтыя аднадзёнкі хутка забываліся (іх запамінаў адно толькі ўражлівы падлетак-Тарас), а вось такі верш, як «Годзе» выклікаў у прадстаўнікоў Трэцяга рэйха сапраўдны гнёў, пасля чаго Арсенневу «запрасілі пагутарыць» ў гестапа. Напісанае ўспрымалася, як падбухторванне да змагання супраць «законнай» акупацыйнай улады:

«…Годзе! / Годзе нарэшце, / годзе / чарвякамі зьвівацца, поўзаць! / Хоць нас доля й дагэтуль зводзіць, / хоць ісьці нам парой і коўзка, – / пасьмяёмся яшчэ і зь ліха! / Досыць падаць прад кожным ніцма! / Лепш на момант / агнём успыхнуць, / чымся літасьцяй век давіцца! / Што далі нам калі чужыя?»

Выратавала паэтку былая каханая Івана Луцкевіча перакладчыца Юліяна Вітан-Дубейкоўская, чыя «ўдалая інтэрпрэтацыя верша /…/ уратавала Арсенневу ад рэпрэсіяў».

Усё жыццё Наталля Арсеннева марыла мець каля сябе моцнага, упэўненага абаронцу, але ні духоўны настаўнік і першы папулярызатар творчасці паэткі Максім Гарэцкі, ні згаданы рыцар Максім Танк ейнымі мужчынамі так і не сталі. А сямейнае жыццё з генералам Францішкам Кушалем абярнулася тым, што на доўгія гады яна вымушана была забыцца на паэзію, праглынутая палонам хатніх абавязкаў і зарабляннем грошай.

На эміграцыі, дзе не было прычыны баяцца арышту ці расстрэлу, ёй, тым не менш было эмацыйна і псіхалагічна душна, яна сябе адчувала адзінокай, рэчаіснасць уяўлялася пякельнай:

«Сягоньня, быццам збан, / выпальваецца ў печы наш горад… / Сьпеката – аж бела ў ваччу. / Маўляў кісель, трымціць паветра, брукі, плечы / замлелых камяніц… / а я так піць хачу… (з верша«Сьпякота»).

Пажаліцца няма каму. Хіба што свайму рыцару Максіму Танку? Але ж ён далёка, у яго поўна ўласных клопатаў і расчараванняў, ён у палоне сваёй адзіноты, куды, без запрашэння заходзіць не шляхетна і непрыстойна.

Але ён дапамагаў і на адлегласці. Спакой творчай адзіноты Максіма Танка, вонкавая незалежнасць, імператарскае ўменне спрыяць, а самому нічога не прасіць, не жаліцца, не патрабаваць, – натхняла Арсенневу не менш чым яго вершы. Моц і ўпэўненасць яе рыцара нават праз акіян энергетычна перадавалася Арсенневай, напаўнялі яе сілаю, пасля чаго самі складаліся такія радкі: «Лёс мне казаў сяньня быць амазонкай, / меч даў у рукі, а сэрцу адвагу..».

Для многіх яна стала акурат такой вось арыстакратычна-велічнай амазонкай.

Калі зʼяўлялася на імпрэзах, то ўмела інтрыгаваць, захапляць, уяўлялася таямнічай, як гераіні Грэты Гарба ці Мішэль Морган. А таму, не дзіўна, што многія Арсенневу па-сапраўднаму не разумелі і не адчувалі, аслепленыя яе загадкавасцю, стваралі вакол паэткі міфы, рабілі са спадарыні Наталлі то анёла, то дʼябла.

Для адных яна і зараз – нацыянальная гераіня, аўтарка духоўнага гімна беларусаў «Магутны Божа» для іншых – гітлераўская паслугачка.

Нязменнае і любімае для нас чорна-белае ўспрыняцце рэчаіснасці не дазваляе з неабходнай творчай цвярозасцю і любоўю паказаць новы нечаканы жывы і абʼектыўны партрэт амазонкі Наталлі.

Што ж, пачакаем яе 120-годдзя, мо тады што-небудзь зменіцца, і мы ўбачым яе сапраўднае, не чорна-белае аблічча.

Сяргей Піліпчэня, belsat.eu

Стужка навінаў