Аўтарка дакладу пра злачынствы РФ ва Украіне: Іх цяжка назваць людзьмі – боль іншых прыносіць ім задавальненне


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGNWVfX00yWWdRbzAlMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]«Белсат» паразмаўляў з Малгажатай Гасеўскай, якая апублікавала шакавальную справаздачу «Расейскія ваенныя злачынствы ва ўсходняй Украіне».

Дэпутатка польскага Сейму ад кіроўнай партыі «Закон і справядлівасць» Малгажата Гасеўская апублікавала абʼёмны даклад пра злачынствы расейскіх войскаў на ўсходзе Украіны, які падрыхтавалі пераважна польскія валанцёры. Дакумент утрымлівае на 153 старонках больш за 60 сведчанняў былых палонных на Данбасе, фіксуючы катаванні, здзекі, рабаванні ды забойствы як з боку мясцовых сепаратыстаў, гэтак і расейскіх вайскоўцаў. рапарт апісваетаксама некалькі эпізодаў, якія адбыліся на Крыме ды ў Расеі, куды вывозілі палонных. Гэтыя доказы плануюць прадставіць у Міжнародны трыбунал у Гаазе.

– Як паўставаў даклад?

– Шмат гадоў ужо я займаюся ўсходняю палітыкай. І калі распачалася рэвалюцыя Годнасці ва Украіне, натуральна, я заангажавалася ў актыўнае назіранне за тымі падзеямі, а таксама ў падтрыманне тых падзеяў Польшчаю. Было шмат паездак, у якіх я знаёмілася з людзьмі – і мяне там ужо крыху ведалі, я сталася вартая даверу. Калі ж пачалася ўжо рэгулярная вайна з Расейскай Федэрацыяй, я пачала ездзіць у зону АТА, у тым ліку разам з гуманітарнаю і медычнаю дапамогаю, якую мы былі арганізавалі. Я сустракала людзей, якія рознымі шляхамі вырваліся з няволі. Я даведвалася пра іх, распавядалі пра іх сведкі. Урэшце я дабралася і да іх самых. Як выявілася, ніхто не дакументуе тых ваенных злачынстваў, ніхто не размаўляе з людзьмі ды не збірае іхных сведчанняў. І, найперш, не вызначае выканаўцаў тых злачынстваў. Гэтак зʼявілася ідэя пачаць усё гэта дакументаваць. Я знайшла ў Польшчы адмыслоўцаў, якія былі гатовыя ехаць са мною на Усход. І ў дадатак – бясплатна, як валанцёры. Бо ўся справа грунтуецца менавіта на валанцёрстве – польскім і, несумненна, украінскім. Без падтрымання ўкраінскіх валанцёраў мы папросту не дабраліся б да ахвяраў. Гэтак мы распачалі сваю працу. Было некалькі тыднёвых выездаў, галоўным чынам – у зону АТА, дзе сустракаліся з ахвярамі вайны. Найперш мы даведваліся, наколькі праўдзівая гісторыя, намагаліся знайсці пацвярджэнне, а ўжо затым занатоўвалі сведчанні чалавека. Гэта былі вельмі складаныя размовы: надта цяжка гутарыць пра перажытыя пакуты. І трэба разумець, што апісаныя злачынствы сапраўды пачварныя. А людзі, якія здзяйснялі злачынствы, робяць гэта і надалей. Іх нават цяжка назваць людзьмі – боль іншых прыносіць ім сапраўднае задавальненне. Гэтак званыя допыты, якія яны ладзілі чальцам добраахвотніцкіх батальёнаў, злоўленым валанцёрам і простым людзям, затрыманым на вуліцы, цяжка назваць допытамі. Мэта іх была зусім не даведацца, да прыкладу, пра пазіцыі батальёну ці пра яго колькасны склад ды якія мае планы. Замест гэтага – крэтынскія пытанні накшталт: «Колькі дзяцей ты зʼела? Колькі ў цябе братоў? Дзе жывеш?» – або часцяком: «Якую ты маеш маёмасць?» Рэч у тым, што вялікая колькасць тых злачынстваў была здзейсненая, каб абрабаваць чалавека. Бо гэта быў сусед суседа, толькі адзін з суседзяў быў злачынцам, заангажаваным у дзейнасць гэтак званых «сепаратыстаў». І тут мы падыходзім да вельмі важнай праблемы. Выканаўцы злачынстваў – не шараговыя бандыты. Гэта людзі, якія маюць вельмі моцныя сувязі са структурамі Расейскай Федэрацыі або нават самыя – расейскія афіцэры. Пра гэта і сведчыць наш даклад, і гэтыя доказы мы перашлём у Гаагу. Мы сведчым, што за ваеннымі злачынствамі на ўсходзе Украіны стаіць непасрэдна Расейская Федэрацыя. Усё, што там адбываецца, адбываецца са згоды Расеі ды пагатоў – з яе ініцыятывы.

– Якія злачынствы зафіксаваныя?

– Разгляданыя злачынствы – гэта найперш пазбаўленне волі. У межах гэтага зняволення – і ўтрыманне людзей у нечалавечых умовах, жахлівай цісканіне ў лёхах без вады і ежы, а таксама без дапамогі медыкаў. Гэта, да прыкладу, звязванне чалавека па руках і нагах ды кіданне яго на зямлю і ўтрыманне ў гэткім стане шмат дзён: без ежы, вады і дапамогі дактароў. Ахвяра вымушаная ўсё рабіць пад сябе. Таксама, вядома ж, збіццё – пры гэтым білі па канкрэтна акрэсленых месцах. Таксама гэта ўбіванне голак і цвікоў пад пазногці, абцінанне частак цела па кавалках, да прыкладу, па пальцы, каб напрыканцы забіць. Гэта забіццё на вачах іншых вязняў. Гэта палоханне забіццём, стрэлы па-над галавой, а таксама стрэлы шротам. І таксама гэта, паводле расповедаў шмат каго са сведак, гвалт, пра які, на жаль, у гэтым дакладзе доказаў мы не здолелі сабраць. Аднак ведаю, што гэткія рэчы мелі месца, і спадзяюся, што адпаведныя доказы мы знойдзем яшчэ да моманту складання дакументаў у Гаагскі трыбунал.

– Ці злачынствы мелі сістэмны характар?

– На жаль, гэтыя злачынствы шырока распаўсюджаныя. У горадзе, у якім размяшчаўся кіраўнік, гэтак званы міністр абароны «Данецкай народнай рэспублікі» Ігар Стралкоў, ён меў кабінет на першым паверсе, а адразу пад ім у сутарэнні і адбываліся тыя злачынствы – гэткая катавальня там была. Гэта таксама суды – гэтак званыя «тройкі»: начныя суды і смяротныя выракі, якія выконваліся, пра што сведчаць і дакументы, і подпісы канкрэтных асобаў. Таксама ў нас ёсць медычная дакументацыя пацярпелых асобаў. І гэта ўсё мы будзем скіроўваць у Гаагскі трыбунал.

– Ці будуць пакараныя злачынцы?

– Да канца студзеня хочам даць сабе час на юрыдычнае рыхтаванне звароту ў Гаагу. Але таксама мы хочам як мага шырэй абнародаваць гэтую тэму і даць шанец скласці ўласныя сведчанні іншым ахвярам, пацвердзіць свой намер даць гэткія паказанні. У нашым рапарце ёсць выканаўцы злачынстваў, часцяком з імем і прозвішчам, здымкам і функцыямі. Што ж да ахвяраў – яны ў нас тут акрэсленыя пэўнаю сімволікаю. Мы не падаем тут асабістых звестак дзеля іхнай бяспекі. Але, вядома ж, яны давалі паказанні ды ведалі, навошта гэта робяць, і гатовыя ўжо пад уласным імем і прозвішчам выступаць у якасці сведак у Міжнародным трыбунале. Я вельмі спадзяюся, што гэтай справе будзе нададзеная належная ўвага і будзе распачатае следства. Бо нашая мэта – пакаранне злачынцаў, каб яны ведалі, што такія ўчынкі не могуць застацца беспакараныя. Ваенныя злачынствы тэрміну даўніны не маюць.

Размаўляў Валер Руселік, cez, belsat.eu

Стужка навінаў