Аўтакефалія царквы. Беларусь у чарзе за Украінай


У канфлікце паміж Маскоўскім і Канстанцінопальскім патрыярхатам з-за пытання аўтакефаліі, то бок незалежнасці ўкраінскае праваслаўнае царквы, беларуская царква цалкам заняла бок Рускага праваслаўя. Інакш быць і не магло, БПЦ не мае незалежнасці, і з’яўляецца часткай Маскоўскага патрыярхату. У чым сутнасць спрэчкі ды ці беларускія праваслаўныя могуць аддзяліцца ад расейскіх?

Незалежны статус для Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату – справа вырашаная, вынікае з заяваў прадстаўнікоў Сусветнага Канстанцінопальскага патрыярхату. Усе намаганні Масквы спыніць гэты працэс пацярпелі няўдачу, і цяпер Расейская праваслаўная царква абяцае разарваць усе адносіны з Канстанцінопалем і Сусветным патрыярхам Варфаламеем.

«Ніякай сваёй віны за гэты разрыў мы не адчуваем, усім зразумела, што калі дачыненні і будуць у выніку разарваныя, то ўся адказнасць за гэтае рашэнне ляжыць на Маскоўскім патрыярхаце», – кажа прэс-сакратар УПЦ Кіеўскага патрыярхату Еўстрацій (Зора).

Сёння ва Украіне адначасова дзеюць дзве буйныя праваслаўныя плыні: прызнаная іншымі цэрквамі Маскоўскага і пакуль не прызнаная Кіеўскага патрыярхатаў. Кіеўскі, пасля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны ў 2014 годзе, мае сёння ўдвая больш прыхільнікаў – 29 адсоткаў ад агульнае колькасці праваслаўных супраць трынаццаці адсоткаў лаяльных Маскве. А вось з маёмасцю справа супрацьлеглая. УПЦ Маскоўскага патрыярхату належаць 11 000 украінскіх прыходаў, траціна ўсіх цэркваў Расейскай праваслаўнай царквы ўва ўсім свеце. Гэта ўтрая больш, чымся ў Кіеўскага патрыярхату. Карыстаецца РПЦ і дзвюма ўкраінскімі архітэктурнымі перлінамі – Кіева-Пячэрскаю і Пачаеўскаю лаўрамі. Але прызнанне Канстанцінопалем незалежнае ўкраінскае царквы ўздыме пытанне перагляду гэтага статусу.

«Ніякай уласнасці ўкраінскай царквы ці расейскай, ці любой іншай згодна з украінскім заканадаўствам не існуе. Усе маёмасныя правы належаць рэлігійным абшчынам. Царква не мае ў нашай краіне юрыдычнага статусу. А таму развязваць гэтае пытанне будуць абшчыны вернікаў, а не Маскоўскі патрыярхат. Што датычыць лаўраў, то яны, як гістарычна-культурніцкія помнікі, належаць дзяржаве. Мы паставім простае пытанне: чыя царква мусіць імі карыстацца, украінская ці расейская?», – працягвае Еўстрацій (Зора).

Карані канфлікту і прычыны паўстання адначасова дзвюх цэркваў ва Украіне маюць гістарычныя прычыны. Дэ-факта УПЦ Маскоўскага патрыярхату было адзінаю прызнанаю праваслаўнаю структурай. Дэ-юрэ Канстанцінопаль прызнае Расейскую праваслаўную царкву толькі ў межах 1589 года, і Украіна, дарэчы, як і Беларусь, у гэтыя межы не ўваходзіць. Цяпер Сусветны патрыярхат узяўся гэтую неадпаведнасць выправіць. А ўсё дзякуючы таму, што ў 90-ыя Украіна здолела аднавіць на сваёй тэрыторыі царкву нацыянальную, паралельна з адраджэннем царквы Маскоўскай.

«У 90-ыя гады, калі і Беларусь, і Украіна здабывалі незалежнасць, сілы, якія імкнуліся да незалежнасці, мелі розную ўладу. Мелі нашмат большыя ўплывы ва Украіне і нашмат меншыя ў Беларусі. У Беларусі фактычна ўвесь час кіравалі прарасейскія сілы, якія не дапусцілі стварэння аўтакефаліі», – распавядае гісторык Аляксандр Краўцэвіч.

А ўсе магчымасці для таго былі. Першая епархія з’явілася на беларускіх землях у 992 годзе ў Полацку і адносілася да Кіеўскай мітраполіі Канстанцінопальскага патрыярхату. У 1352 годзе кіеўскую кафедру самавольна перанеслі ў Маскву, што было незаконна з пункту гледжання рэлігійных канонаў. Тады і паўстала мітраполія Вялікага княства Літоўскага, якая наўпрост падпарадкавалася Канстанцінопалю, бо Кіеўскай мітраполіі больш не было. І гэтак яна праіснавала да 1596 года, пакуль паводле Берасцейскай царкоўнай уніі не перайшла ў падпарадкаванне Рыму і рымскім пантыфікам. Гэты факт сёння выкарыстоўваецца Расейскаю праваслаўнай царквой як сведчанне таго, што праз ерась Беларусь згубіла права на ўласную нацыянальную мітраполію.

«Падобныя заявы не маюць пад сабою гістарычных падставаў. Пасля стварэння Уніі традыцыя праваслаўя не была перарваная. У нас засталіся асяродкі ды епіскапы, якія не прызналі ўніі. Але гэта пытанне больш палітычнае, чым пытанне рэлігійных дачыненняў», – адзначае Аляксандр Краўцэвіч.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Маскоўскі патрыярхат вярнуўся на Беларускія землі. У 1839 годзе было забароненае ўніяцтва, да якога на той момант належала 80 % жыхароў Беларусі, а з 1840 года і вядзенне ў цэрквах імшы па-беларуску. За савецкім часам усе канфесіі былі амаль знішчаныя, і толькі ў 1989 годзе Сінод Маскоўскага патрыярхату ўтварыў Беларускі экзархат як частку РПЦ. У тым жа статусе ён існуе і да сёння. А таму не дзіўна, што, калі паміж рознымі патрыярхатамі ўзнікаюць рознагалоссі, беларускі экзархат заўсёды займае маскоўскі бок.

«Пытанне аб тым, як будзе сябе паводзіць праваслаўная царква ў гэтым пытанні ў гэтых абставінах, нагадвае пытанне, як будзе сябе паводзіць Гарадзенскі аблвыканкам, калі дзяржава, у цэлым, мае нейкае стаўленне да міжнароднае праблемы», – кажа прэс-сакратар Беларускае праваслаўнае царквы Сяргей Лепін.

Ёсць у Беларусі і невялікая Аўтакефальная праваслаўная царква, якая савецкія часы перажыла за мяжою і вярнулася ўжо ў часы незалежнасці. Прызнанне Канстанцінопалем Кіеўскага патрыярхату дае надзею і ёй.

«На чарзе будзе і Беларусь, мы таксама некалі атрымаем гэтую самастойнасць. Але нам давядзецца прайсці значна больш пакутны шлях. Бо Масква так проста не аддае сваіх тэрыторыяў, як вы бачыце», – заявіў Айцец Леанід Акаловіч, Пратаіерэй Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Але розныя крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй унутры Беларускае праваслаўнае царквы, сведчаць, што ўнутры экзархату павольна, але спее разуменне неабходнасці калі не аўтакефаліі, то значна большае самастойнасці ад Маскоўскага патрыярхату.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Глядзі таксама
Каментары