Аўстрыя адчыніла ў Менску амбасаду


Адзін з найвялікшых інвестараў у нашую гаспадарку, гэтая краіна актыўна выступае за зняцце з Беларусі санкцыяў.

Адкрыццё аўстрыйскай амбасады адбылося напярэдадні разгляду ў Бруселі беларускага пытання. 15 лютага Еўразвяз прыме «калегіяльнае рашэнне па Беларусі, за якое будуць несці адказнасць усе краіны Еўразвязу».

Міністр замежных справаў Аўстрыі Міхаэль Лінхарт заявіў у Менску, што Аўстрыя выступае за адмену санкцыяў з Беларусі і дадаў, што мае спадзяванні, што ягоную пазіцыю падтрымаюць міністры замежных справаў усіх еўрапейскіх краінаў. На сёння санкцыі часова прыпыненыя.

«Мы на баку Беларусі. Спадзяюся, рух будзе менавіта ў гэты бок. За апошні перыяд Беларусь пасылала шмат станоўчых сігналаў, якія тычацца правоў чалавека. У гэтым напрамку ідзе дыялог з Еўразвязам», – адзначыў Міхаэль Лінхарт.

Ён дыпламатычна ацаніў мінулыя прэзідэнцкія выбары: «Прагрэс быў». Пра будучыя парламенцкія выбары, якія пройдуць увосень, Лінхарт сказаў, што Еўразвяз чакае, што яны пройдуць «у адпаведнасці з еўрапейскімі ўяўленнямі аб дэмакратыі».

«Назіраецца цэлы шэраг падзей, якія настройваюць нас пазітыўна. Неабходна працаваць далей, таму мы выступаем за адмену санкцыяў», – дадаў аўстрыйскі чыноўнік.

На адкрыцці аўстрыйскага пасольства прысутнічаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Ён адзначыў, што санкцыі не лепшы метад выбудоўвання адносін паміж краінамі:

«Яны з’яўляюцца перашкодай для наладжвання гандлёва-эканамічных, палітычных, гуманітарных і іншых адносінаў. Беларусь гатовая рабіць крокі насустрач, гатовая да пошуку кампрамісных шляхоў вырашэння праблемаў, што існуюць», – запэўніў міністр.

Глядзіце наш фотарэпартаж з адкрыцця аўстрыйскай амбасады:[/vc_column_text][vc_column_text]

Міхаэль Лінхарт даехаў на адкрыццё амбасады Аўстрыі ў Менску
Кіраўнік аўстрыйскага дыпламатычнага ведамства Аляксандр Байерль, міністр замежных справаў Аўстраыі Міхаэль Лінхарт і Алена Купчына, намесніца міністра замежных справаў Беларусі

[/vc_column_text][vc_column_text]Аўстрыя займае другое месца па прамых інвестыцыях у Беларусь, у мінулым годзе яны склалі больш за 2 мільярдаў еўраў. Асноўныя сумесныя праекты – мадэрнізацыя Беларускага металургічнага заводу, «Прыорбанк», «Velcom», «BelToll».

Да сённяшняга дня ў Менску існавала толькі Ганаровае консульства Аўстрыі, якім, што цікава, кіруе беларус – Сяргей Касцючэнка, старшыня праўлення «Прыорбанку».

ДД; фота: УГ

Стужка навінаў