Аўстралійскія веганы пакрыўдзіліся на рэкламу са спецназам, які ратуе мясаедаў

video

Жартоўны ролік, які рэкламуе Дзень Аўстраліі (адзначаецца 26 студзеня) і спажыванне мяса ягняці ў гэты дзень, пакрыўдзіў некаторых жыхароў краіны. Бюро рэкламных стандартаў Аўстраліі (ASB) атрымала каля 250 скаргаў ад мясцовых карыстальнікаў, большай часткай – ад веганаў.

У роліку паказаная каманда спецназу, якая «ратуе» аўстралійцаў, якія зʼехалі з краіны – перад нацыянальным святам сілавікі знаходзяць суайчыннікаў і вяртаюць іх дадому, каб яны маглі атрымаць асалоду ад мяса ягняці.

У адной са сцэн спецназ урываецца ў кватэру да жыхара Нью-Ёрку са словамі: «Дружа, праз некалькі гадзін ты ўжо будзеш есці ягня на пляжы». Мужчына на гэта адказвае: «Але я ўжо веган». Пасля чаго спецназ спальвае з агнямётаў талерку з капустай, якая стаіць на стале.

Рэкламны ролік зняла некамерцыйная арганізацыя «Meat & Livestock Australia» (MLA), якая займаецца прасоўваннем мясной прадукцыі ў Аўстраліі і за мяжой. Дырэктар MLA па маркетынгу Эндру Хоўі адхіліў абвінавачванні ў дыскрымінацыі веганаў, заявіўшы, што спажыўцы самі вольныя вырашаць, ці есці ім мяса. «Мы разумеем, што не ўсе аўстралійцы ядуць мяса ягняці», – сказаў ён.

МЯ, паводле meduza.io

Глядзі таксама
Каментары