Аўдзееўка: «Нічога надзвычайнага». Рэпартаж з прыфрантавога гораду

video

Як выглядае штодзённая руціна пад час няспынных абстрэлаў ува ўкраінскай Аўдзееўцы і чаму мясцовыя не ўцякаюць з гораду? Наш карэспандэнт Антось Цялежнікаў пабываў пад абстрэламі «Градаў».

Нервовыя ўсмешкі і размовы пра тое, чый дом знішчаны гэтым разам. Гэтак апошнія некалькі дзён пачынаецца раніца для прыкладна 16 тысячаў чалавек (да вайны было ў два разы больш) – у Аўдзееўцы, горадзе акурат на самой лініі размежавання.

Мясцовы жыхар кажа, што класціся, ратуючыся ад снарадаў, даводзілася ня толькі пад абстрэламі баевікоў:

«У нас падарункі адусюль бываюць. У нас то недалёт, то пералёт. А мы паміж – тут лінія фронту ў кіламетры, нам тут весела».

Удзень абстрэлы звычайна сціхаюць і ў горадзе ўладарыць новы гук – паўсюдны гул генератараў ці то ўласных, ці то тых, што прывезла ўкраінскае войска. Адкрываюцца крамы і жыццё амаль нагадвае мірнае, калі не зважаць на разбураныя дамы.

Яшчэ адзін жыхар Аўдзееўкі, Вячаслаў Карпенка, адзначае, што пастаянна завозяць прадукты, а таму адчування блакады няма.

Для тых, хто не мае за што набыць свежыя прадукты, а працы ў горадзе практычна няма, цяпер пачалі прывозіць гуманітарную дапамогу. Але нават у гэтых чэргах настрой напружаны

«Хачу сказаць, што ўсё дрэнна, усе нібыта галадаюць. А пенсіянеры яшчэ, што кожны месяц атрымліваюць гуманітарку, яшчэ і без чаргі прарываюцца, а мы, без працы сядзім рэальна», – распавядае жыхарка Аўдзееўкі.

Чытайце таксама:

Супакойваць жыхароў мястэчка прыехаў сакратар савету Нацбяспекі і абароны краіны Аляксандр Турчынаў. Афіцыйная пазіцыя наступная: украінскія войскі гатовыя да любых правакацыяў, у хуткім часе ў горадзе мае цалкам аднавіцца цяпла і электразабеспячэнне.

«У гэтых умовах, у якіх жыве горад, галоўнае, што ён надзейна абаронены нашымі вайскоўцамі і самае галоўнае, што я не бачу падставаў для эвакуацыі насельніцтва. Я лічу, што нармальнае жыццё вернецца бліжэйшым часам», – заявіў Турчынаў.

Праз некалькі гадзінаў пасля гэтай аптымістычнай заявы снарады з сістэмаў залпавага агню «Град» дакладна трапілі ў цэнтр гуманітарнай дапамогі. Прынамсі адна асоба загінула. З гораду ўцякла палова жыхароў, чаму застаюцца астатнія, шмат хто нават з дзецьмі? Просты адказ мае мясцовы жыхар Вечаслаў Карпенка:

«Кінуць тут усё, што зарабілі, што нажылі. Зʼехаць… Вярнуцца і пабачыць, што ўсё на месцы. Альбо не. Хто яго ведае? Вось як гэта кінуць, усё, што нажытае за ўсё жыццё, асабліва як мы – пажылыя»?

Горай чым цяпер, распавядае спадар Карпенка, было толькі ў 2014-м, пад час самых цяжкіх баёў. Тады некаторыя часткі гораду заставаліся без святла і вады нават на некалькі месяцаў. Так што цяпер, паціскае плячыма мужчына, «нічога надзвычайнага».

Сюжэт выйшаў у праграме «Прасвет». У яе апошнім выданні таксама можна пабачыць размову з Аленай Студзінай, якая разам з сынам з’ехала з Аўдзееўкі ў Польшчу, у той час як ейны бацька застаўся ў родным горадзе. Што адбывалася апошнімі днямі ў Аўдзееўцы распавядае праз «Skype» карэспандэнт «Белсату» Антось Цялежнікаў.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары