Атручаная Расея. Інтэрв'ю з Робэртам Пшчэлем пасля «сеансу нянавісці» на расейскім канале


Прадстаўніка Інфармацыйнага бюро НАТО ў Маскве запрасілі на расейскае тэлебачанне ў якасці «хлопчыка да біцця». «Вы паляк, вы русафоб ужо праз гэта», – адзін з аргументаў у «дыскусіі» пра канфлікт на Данбасе і ролю ў ім Расеі ды НАТО.

У праграме «Палітыка» тэлеканалу «Расея 1» натаўскі дыпламат дыскутаваў з асобамі, вядомымі са сваіх нацыяналістычных поглядаў, напрыклад, Уладзімірам Жырыноўскім, Аляксандрам Руцкім. Удзел у праграме бралі таксама пракрамлёўскія публіцысты. Удзельнікі праграмы вінавацілі Пшчэля як прадстаўніка НАТО ў тым, што вайну на Данбасе развязаў Паўночна-атлантычны альянс, што на вайне гінуць сярод іншых «сотні палякаў», а іх целы патаемна перавозяць самалётамі ў Варшаву. Як у найгоршых традыцыях расейскай тэлепрапаганды, госцю не давалі выказацца. Робэрт Пшчэль акрэсліў паводзіны суразмоўцаў як «сеанс нянавісці».

– Ці людзі, з якімі вы размаўлялі ў студыі тэлебачання «Расея 1» настолькі цынічныя, ці сапраўды вераць, што ўкраінцы – гэта нелюдзі, а заходнія найміты масава змагаюцца на ўсходзе Украіны?

– Я стараюся быць асцярожным, акрэсліваючы псіхалогію маіх суразмоўцаў. У Расеі мы маем справу з вельмі агрэсіўнай інфармацыйнай палітыкай у дачыненні падзеяў ва Украіне. Гэтая палітыка абапіраецца на выдуманыя, не звязаныя з рэчаіснасцю аргументы. Гэта карыкатурны і дэманізаваны вобраз, які фармуецца ў штодзённых дозах прапаганды на расейскім тэлебачанні. Ці людзі, якія гэтым займаюцца, вераць у свае словы самі, я не ведаю. Але іх агалошваюць і нават выкрыкваюць публічна. Я маю на ўвазе палітыкаў, лідараў грамадскага меркавання. Большасць журналістаў не палемізуе з гэтым, а наадварот – дапамагае ствараць такі вобраз.

У выніку даходзіць да сітуацыі, калі былы віцэ-прэзідэнт Расеі Аляксандр Руцкі выкрыквае, што ўкраінцы – гэта нелюдзі ды людажэрцы. Такія паводзіны будуюць вобраз нянавісці.

Аднак, з іншага боку, некаторыя даследаванні сведчаць, што большасць расейцаў супраць расейскай інтэрвенцыі ва Украіне. Хоць пры гэтым ёсць людзі, якія вераць, што Расея сапраўды не ўмешваецца. У любым выпадку, варта гэта ацаніць – гэта парадокс, што пра такой прапагандзе грамадства ў сваёй масе не «хапаецца за шаблю».

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

– Вашыя суразмоўцы не вагаліся ды апавядалі пра сотні забітых палякаў якія ваююць на баку Кіева, целы якіх на самалётах перавозяць у Польшчу. Хоць доказаў гэтаму няма.

– Ні вы, ні я не маем упэўненасці, што дзесьці там па адным ці па іншым баку не ваююць якія-небудзь грамадзяны Польшчы. Аднак тое, аб чым яны публічна гавораць, пра самалёты з сотнямі целаў польскіх наймітаў, якія прылятаюць штотыдзень у Варшаву – гэта поўнае глупства, якое выходзіць у свет і якое паўтараюць.

– Як дыпламат, вы размаўляеце з расейскімі чыноўнікамі і палітыкамі не толькі перад камерамі. Ці ў размовах «off record» яны гавораць тое самае, што і публічна?

– Я не хацеў бы пераказваць змест сваіх прыватных размоваў, аднак тая з’ява, што мела месца пасля захопу Крыму – гэткі «шампанскі патрыятызм» надалей існуе і прадстаўлены шырока.

– Бурбалкі яшчэ не выветрыліся?

– Стан атручвання вельмі глыбокі. Што мяне непакоіць, дык гэта перакананне, што расейская пазіцыя ў дачыненні Украіны нібыта падтрымліваюць за мяжою. Папросту рукі апускаюцца. Я і іншыя дыпламаты спрабуем давесці да нашых расейскіх калегаў, каб не распавядалі свайму грамадству пра рэчы, якіх няма. Узяць напрыклад рэзалюцыю ААН, што асуджае акупацыю Крыму. Вынік галасавання: 100 супраць 11 не на карысць Расеі. А сярод тых 11 – такія краіны, як Паўночная Карэя. Як можна казаць, што расейскую пазіцыю ў свеце падтрымліваюць, і Расея не знаходзіцца ў ізаляцыі? Гэта вельмі нездаровая сітуацыя, бо нельга будаваць якой-кольвек палітыкі на фальшывым падмурку.

– Былы крамлёўскі дарадца і паліттэхнолаг Глеб Паўлоўскі адкрыта гаворыць, што сёння Расеяй кіруе Астанкіна, то бок дзяржаўны медыяканцэрн, а палітыкі, у тым ліку і Пуцін, паўтараюць тое, што пачуюць па тэлебачанні і наадварот. Ці гэта праўда?

– Нядаўна выйшла кніга пра расейскія медыі аўтарства брытанскага прадзюсара з украінскімі каранямі Петэра Памеранцава (Nothing Is True and Everything Is Possible– Belsat.eu), якая пацвярджае гэтую тэзу.

Астанкіна сапраўды можа стварыць любы вобраз свету. Сёння ён кансерватыўны-нацыяналістычны, заўтра ліберальны, а паслязаўтра можна пераканаць, што праз тры дні наступіць канец свету.

Калі размаўляеш з журналістамі і прадзюсарамі праграмаў з вялікіх дзяржаўных тэлеканалаў, то гэта нагадвае размовы з палітыкамі. Яны лічаць сябе не толькі асобамі свету медыяў, але і палітычнымі дэміўргамі. У нашым свеце гэта выглядае інакш.

– У каментарах пад вашым выступам інтэрнаўты, у асноўным жыхары Украіны, пішуць, што на відэа цывілізаваны чалавек стаў супраць Арды, што вы апынуліся ў клетцы са львамі ці шалёнымі малпамі. Калі вы ішлі на праграму, вы спадзяваліся такога прыёму?

– Я хацеў бы падкрэсліць, што гэта меркаванне інтэрнаўтаў, а не маё. Такія выказванні пра апанентаў толькі павялічваюць праблему. Я працую ў Маскве чатыры гады і бачу працэс дэманізацыі Украіны, а працэс дэманізацыі маёй арганізацыі адбываецца шмат гадоў. Так што я не быў асабліва здзіўлены такою заядласцю. Асабліва непрыемныя асабістыя нападкі.

– Вас назвалі «палякам, а таму першапачаткова русафобам»…

– Бываюць і больш цікавыя выказванні, такія як афіцыйная заява прадстаўніка расейскага МЗС, які назваў галоўнакамандуючага НАІТО генерала Брэдлоў «чалавекам, якія стварае толькі цёплае паветра». Я сустракаўся з такой колькасцю праяваў непрыязні да НАТО, што мяне цяжка чымсьці здзівіць. Я атрымліваю шмат СМС і туітаў і магу сказаць, што тыя, хто іх адпраўляе, падыходзяць да гэтага з вялікай фантазіяй. Але мушу сказаць, што апошнім часам я атрымаў шмат е-мэйлаў ад расейцаў, з іх каля 80 % пішуць, што ім сорамна за паводзіны расейскіх медыяў.

Гутарыў Якуб Бернат / МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў