Атаман бессэнсоўнасці. Калі Лукашэнка ўжо здыме Улаховіча з выбараў?


2332400

Аналітык і рэдактар інтэрнэт-часопісу «Ідэя» Рыгор Астапеня пастанавіў прааналізаваць выбарчую кампанію аднаго з самых адыёзных кандыдатаў на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах.

Мікалай Улаховіч напэўна адзін з самых незвычайных людзей, якія калісьці ўдзельнічалі ў беларускіх прэзідэнцкіх выбарах. У сваім першым тэлевыступе Улаховіч са шчырасцю казацкага атамана расказаў, што «пенсіянеры аддалі краіне розум», што «нам не дасягнуць чысціні кадраў (то бок беларусаў), бо ў Беларусі кожны чацверты адзін аднаму сваяк», што «баптызм прапагандуе тэрарызм» і выдаў план «узбуйнення правапарадку праз пашырэнне дэмаграфічных правоў і свабодаў». Англійская мова ў ягоных вуснах стала «агліцкаю» дый наагул хапала праблемаў.

Па-чалавечы Улаховіча шкада. За час кампаніі яго і на… пасылалі, ды і да ўсёй гэтай увагі ён, бачна, непрызвычаены. Таму часта генеруе выпадковыя словы ў сваіх прамовах, як ён сам кажа, «пераходзіць ад адной ідэі да больш вялікай». Улаховіч не спраўляецца з кампаніяй, бо сам яе не кантралюе – тых жа пікетаў ён амаль не праводзіў, інтэрнэт-старонак ён сваіх не стварае, заявак на сустрэчы падаў мізер.

У кампаніі Улаховіча, калі і спрабаваць нешта аналізаваць, то толькі дзве рэчы. Па-першае, навошта яго выпусцілі на выбары. Па-другое, ці не настаў час яго зняць. Пра апошняе ў Менску ўсё часцей шэпчуцца.

Тры версіі кампаніі атамана

Першая тэорыя, якая тлумачыць удзел Улаховіча, кажа, што ўлады выкарыстоўваць яго, каб вымераць колькі беларусаў падтрымліваюць «рускі свет». Улаховіч не саромецца прарасейскай пазіцыі па Крыму, калі ў яго пытаюцца пра ўлюбёных палітыкаў, то ён называе выключна савецкіх ці расейскіх дзеячаў. Наогул увесь вобраз атамана – гэта ўсё настолькі глыбока расейскае, што прымаецца ўсімі адназначна як гіпер-расейскае.

Другая тэорыя ўдзелу атамана – гэта дыверсіфікацыя Сяргея Гайдукевіча. Праблема ў тым, што Гайдукевіч з часам мог пачуць сябе сапраўдным палітыкам. Таму ўлады маглі ўвесці дадаткова кандыдата, каб забраць частку падтрымання ў Гайдукевіча і даць яму зразумець, што ён у прынцыпе такі ж самы, як атаман, якога прыдумалі пад выбары. І наагул тут трэба яшчэ даказаць чым ты лепшы за атамана ў ролі спарынг-партнёра.

Трэцяя тэорыя найбольш простая. Улаховіч стварае масоўку выбараў і ўвесь сэнс у падзеле галасоў не за Лукашэнку. Праўдападобна, што дадзеныя Цэнтральнай выбарчай камісіі дадуць дзейснаму кіраўніку дзяржаву каля 80-85 %. І калі б не Улаховіч, то астатнія 15% прыйшлося б дзяліць на дваіх – Караткевіч і Гайдукевіча. А так хаця б на траіх.

Чаму ёсць сэнс выкінуць Улаховіча за борт

Калі атаман сапраўды служыць усяго толькі намерам прыхільнікаў куды больш расейскага «русского мира», чым прапаноўвае Аляксандр Лукашэнка, то ён сваю ролю пераважна выканаў. Імя вядомае, на тэлебачанні выступіў, праграму апублікаваў, медыі пра яго напісалі, і не раз. Магчыма, што Улаховічу варта было б даць яшчэ выступіць другі раз на тэлебачанні, але пасля ягоная кампанія ўсё адно згортваецца, бо сустрэчаў ці мітынгаў ён асабліва не плануе. Таму пасля другога выступу атамана можна вярнуць казацтву.

Калі ж ён дойдзе да тыдня галасавання, то хутчэй ягоная прысутнасць у бюлетэню можа легітымізаваць скрайне прарасейскі рух. Болей за тое, застаецца вялікая праўдападобнасць пратэстнага галасавання («за каго заўгодна, абы не за Лукашэнку»), таму ўлады наўрад ці захочуць дадаваць сілаў у ветразь «русского мира» ў Беларусі. А замяраць падтрыманне ідэяў казака ўсё адно прыйдзецца праз сацыялагічныя апытанні. Бо наўрад ці нехта валодае сапраўднымі вынікамі галасавання, уключна з дзейсным кіраўніком дзяржавы.

Калі казаць пра дыверсіфікацыю Гайдукевіча, то Улаховіч выконвае сваю ролю слаба і можа забіраць галасы Лукашэнкі. Усё ж казак заслаба выконвае ролю палітычнага апанента ўладаў, празмерна іх хвалячы ў сваіх выступах. Таму ўзнікае пытанне чые патэнцыйныя галасы ён забірае – Лукашэнкі ці Гайдукевіча?

Хоць калі не думаць пра галасы, а выключна масоўку, то казацкага атамана варта пакідаць. Псіхалагічна чатыры кандыдаты лепшыя, чым тры, таму стварэнне масавасці найлепшыя прычына, каб заставіць Улаховіча на выбарах. Па ўсіх астатніх крытэраў ён атаман бессэнсоўнасці.

Рыгор Астапеня для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары