Асвея: рэпартаж пра беднае жыццё «залатой паралелі»


[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]Карэспандэнтка «Белсату» выправілася на самы поўнач Беларусі, у Верхвядзвінскі раён, каб пабачыць, як жывуць людзі ў адным з самых бедных рэгіёнаў Беларусі.

Аграгарадок Асвея. Сустрэча з гаспадарамі адной з кватэр даўгога старога дому, разлічанага на чатыры сям’і. Ён стаіць недалёка ад асвейскага возера, акурат ля таго месца, дзе мы ночылі ў намётах. Зайшла ў хату, каб папрасіць падзарадзіць смартфон. Гаспадыня запрасіла сесці ў мяккае крэсла, разгаварыліся.

Кожны трэці рубель забіраюць

Перакур ля дрывотні

Жанчыне, напэўна, вельмі набалела жыццё-няшчымніца, яна доўга не магла спыніць свой аповед-прызнанне мне, незнаёмаму чалавеку. Нервовая, з адчаем у вачах, Таццяна, расказала, што мясцовыя ўлады без згоды працаўнікоў асвейскага саўгасу, распарадзілася 30 % іх заробкаў.  Частку заробку вяскоўцаў аўтаматычна пералічаюць у асвейскую дзяржаўную краму яшчэ з мінулай вясны. Хочаш-не хочаш, а мусіш выбіраць і набываць на спіс тое, што там прадаюць – на тыя 30 % заробку.

Дзяржаўнае тэлебачанне, якое зняло сюжэт пра “таварны крэдыт”, выдадзены саўгасу раённым спажывецкім таварыствам, падтрымала дзеянні мясцовых уладаў. Маўляў, такія захады не супярэчаць працоўнаму кодэксу і калектыўнай дамове, якую падпісвае кожны працаўнік. У выніку, абяцаныя кароткатэрміновыя захады ўтрымання часткі заробку, працягваюцца ўжо больш за год.

Гэты факт раз’юшвае гаспадара дому. Худы, як жэрдка, мужчына, запаліў чарговую цыгарэтку. Пачаў шырока размахваць рукамі: «А калі я хачу набываць прадукты ў іншай краме па больш танных коштах? Або я ўвогуле не хачу тут выдаткоўваць грошы, а збіраю на адпачынак у Егіпет?»

Сырны пратэст

Мясцовыя распавядаюць пра бунтарства адной асобы. Знайшоўся смяльчак, які пайшоў у банк выплочваць крэдыт сырнымі галовамі з пратэрмінаваным тэрмінам захоўвання, якія выдалі ў якасці заробку. Мужчыну затрымала міліцыя. Пакаранне за дзёрзкі ўчынак – штраф і арышт.

Памежны, Верхнядзвінскі раён, адзначыўся ў гісторыі свабодалюбівымі людзьмі, якія змагаліся за права выплаты належных ім заробкаў яшчэ ў 1864 годзе. Як паведамляе «Кніга Памяці», у Дрысенкім павеце адбыліся хваляванні рабочых на будаўніцтве Дынабургска-Віцебскай чыгункі. Тады збегла з працы 150 чалавек. А ўсё з-за падрадчыкаў, якія не разлічвалі рабочых і не давалі ім пашпартоў для накіравання дамоў.

Такога масавага свавольства як у ХІХ стагоддзі, ад цяперашняга мясцовага насельніцтва наўрадці дачакаешся.

Незаможнае жыццё «залатой паралелі»

Цяпер жыхары маланаселенай Асвеі, па звестках Верхнядзвінскага райвыканкаму, іх усяго 1197 чалавек, зарабляюць працай у школе, лясніцтве, ЖКГ, крамах ды кафетэрыі. Хто можа – ездзіць вахтавым метадам у суседнюю Расею, куды ад беднасці ўцякалі і ў 20-я гады мінулага стагоддзя.

Па аповедах людзей, цяпер падзарабіць няма дзе нават на самае неабходнае. Хіба ў грыбны ды ягадны сезон хадзіць у лес.

А ў першай палове ХІХ стагоддзя ў раёне Дрысы, цяперашняга Верхнядзвінску, можна было няблага зарабіць гандлем. Кожную нядзелю тут ладзілі таржкі. У мястэчку Асвея таксама быў вялікі кірмаш у траўні і чэрвені: гандлявалі лясным матэрыялам, драўляным посудам, дзёгцем, мёдам, коньмі і рыбаю.

У сучаснай Асвеі беднасць і, месцамі, занядбанасць. Здзівіла нешматлюднасць. Верхвядзвінскі раён дык і ўвогуле, нагадвае пустку. Яно і не дзіўна, шчыльнасць насельніцтва – 10,5 чалавек на 1 кв.км.

Тутэйшая рэчаіснасць адрозніваецца ад каляровага турыстычнага буклета, які патрапіў мне ў рукі. У ім акцэнтуецца ўвага на «залатой паралелі», на якой знаходзіцца Асвея. Гэта на адным узроўні з Эдынбургам і Капенгагенам, сталіцай Даніі. Але адлегласць ад экватару – бадай што адзінае, што можна знайсці агульнага паміж гэтымі кропкі на мапе.

«Каб шумелі нівы ўраджаю, кладзі гной густа»

Дзве гаспадаркі Верхнядзвіншчыны вырошчваюць бульбу. Яны знаходзяцца бліжэй да Полацкіх земляў і рэк Заходняй Дзвіны і Дрысы. Найчасцей на палях можна сустрэць рапс, кукурузу, зерневыя.

А ўвогуле добра расце трава – па пояс. Паабапал дарог, ды і не толькі, шмат фіялетавага дзікага лубіну. Бадай, ён і застанецца ў маёй памяці як сімвал Віцебшчыны, бо яго высокія галовы былі заўважныя на працягу ўсяго нашага падарожжа па Паўночнай Беларусі.

З неўраджайнасцю тутэйшых земляў змагаюцца яшчэ з савецкіх часоў. Варта звярнуць увагу на загалоўкі «Дзвінскай праўды» 1964 году: «Ключ ад кладоўкі зямлі ў нашых руках», «Каб шумелі нівы ўраджаю, кладзі гной густа». Асноўны клопат – барацьба з кіслотнасцю глебаў праз вапнаванне і ўгнаенне.

Паводле сайту райвыканкаму, Верхнядзвінскі раён у лідарах па сяльгасвытворчасці на Віцебшчыне. Перадавыя лічбы ўслаўляе і верхнядзвінскі краязнаўчы музей. Тут створаны адмысловы стэнд «Плён працы рук людскіх». Аднак, на вялікім фотаздымку не працаўнікі палёў, а раённае кіраўніцтва ў начышчаным да бляску, абутку.

Ігар Раманюк, дырэктар Асвейскага заказніка, распавядае, што ў 60-70-яя гг. мінулага стагоддзя Асвея была вольным пасяленнем і людзі адбывалі павіннасць на торфараспрацоўках. Таму карэннага насельніцтва тут няма, як і платоў. Адчуваецца пэўная свабода, няма вызначанай, адгароджанай тэрыторыі, прастора агульная, адна на ўсіх. Толькі дагледжаныя надзелы зямлі і скошаная трава ўказваюць на працавітыя рукі.

На развалінах айчыннага турызму

Руіны палаца Гільзэна ў Асвеі

Няўзброеным вокам заўважныя кантрасты тутэйшага жыцця: стары, аджыўшы сваё, дом, а побач з ім – трохі мацнейшы, яркі, прывабны. Але найбольш здзіўляе заросшы, як джунглі, парк і разваліны палацу Гільзэна з ХVIII стагоддзя. Калісьці ён быў адным з найпрыгажэйшых палацаў Рэчы Паспалітай. Цяпер ад пяці карпусоў засталося толькі некалькі сценаў.



Віктар Юнцэвіч, ўраджэнец Асвеі, паказвае нам масток у аварыйным стане ў асвейскім парку

Гуляць па парку даволі небяспечна. Шматлікія сцежкі заваленыя дрэвамі або галлём. Драўляныя масткі праз былыя каналы і ручайкі паламаныя ці хістаюцца. Паўсюль – зараснікі. І гэта пры тым, што Еўразвяз уклаў сродкі на аднаўленне часткі масткоў, пра што сведчыць інфармацыйны стэнд.

Не верыцца, што мясцовасць карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод турыстаў і ў развіццё Асвеі ўкладаюцца сродкі. Хоць райвыканкам упэўнена заклікае на сваім сайце: «Прыяжджайце адпачываць на Верхнядзвіншчыну!» І мае моцныя аргументы: адсутнасць ураганаў, акул, пажараў, тэрактаў, незразумелай мовы і неабходнасці мяняць грошы.

У адрозненні ад часоў памешчыка Шадурскага, пры якім тут былі і гасцінны двор, і прыгожы сад, цяпер інфраструктуры няма. Каб пераночыць з камфортам, а не ў намётах, як мы, прыйдзецца ехаць у Верхнядзвінск, бліжэйшыя аграсядзібы, ці ў адзін з двух дамоў для паляўнічых і рыбаловаў. Адзіныя аб’екты турыстычнай інфраструктуры ў Асвеі, якія пазначаны на сайце райвыканкаму – гэта кафетэрый «Жамчужына», запраўка ды конна-спартовая школа.

Затое інвестарам ёсць куды ўкласці грошы. У раёне – 6 вялізных будынкаў, сярод якіх школа і сядзібава-паркавы комплекс XIX стагоддзя, які зарастае і развальваецца ў вёсцы Вопытная, хоць унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. У пабудовах, на думку мясцовых уладаў, можна стварыць хостэлы. І гэта пры тым, што ў вёсках Верхнядзвінскага раёну практычна не засталося жыхароў. Тры дзясяткі азёраў размешчаны групамі ў маланаселеных, або зусім бязлюдных мясцінах.

Дарога

Асвейская лазня

Асвея – маўклівы гарадок. Можа быць, на выходных тутэйшая жыццёвая плынь абуджаецца, аднак у працоўныя дні, гарадскі пасёлак, нібыта застылая зямля, якую ажывіла наша з’яўленне.

Яно было падобна на дэлегацыю важных асоб, што прыехалі на новых бліскучых машынах. Нешматлікія мінакі, якія сталі сведкамі нашага «прышэсця», лавілі нас позіркам. Больш звыкла – прыезджыя дачнікі з Полацку.

Мы паказалі сваю нібыта заможнаць, якая, насам рэч, не належала нам, бо для нас гэта быў усяго толькі тэст-драйв на машынах Lifan з Менску на самы поўнач Беларусі – у межах праекту Беларускай Асацыяцыі журналістаў  «Рэпартаж з заплечнікам». Мы накіраваліся ў Паазере, каб пабачыць, як жывуць мясцовыя людзі. Не маючы асабістага транспарту, дабрацца сюды са сталіцы няпроста. Хіба чыгункай да Полацку, а адтуль рушыць на Верхнядзвінск аўтобусам, пасля неяк даехаць да Асвеі.

Марыля Брага, belsat.eu

Стужка навінаў