Асуджанага ў Расеі Кірыла Сілівончыка чакала ў Гомлі дзяўчына


Кірыла Сілівончык, якога асудзілі на 2 гады ў Расеі за заклікі вярнуць Крым, паходзіць з вёскі Здудзічы Светлагорскага раёну. У хлопца была няпоўная сям’я – яго і выхоўвала толькі маці.

У Кірылы ёсць яшчэ старэйшыя брат і сястра, распавёў пра яго былы калега па навучанні ў Гомельскім машынабудаўнічым каледжы. Падчас вучобы хлопец не асабліва праяўляў сваю грамадзянскую пазіцыю, не быў сябрам ніводнай партыі альбо арганізацыі, але на 3-ім курсе спрабаваў весці свой «Тўітэр» на беларускай мове ды ўдзельнічаў у дыскусіях «Беларусь vs Белоруссия» ў інтэрнэце.

«Гэта ўсё было напаказ, больш для віду, перад выкладчыкамі правы пакачаць, а сярод сваіх у зносінах нічога такога не было», – распавёў былы калега Кірылы, які пажадаў застацца ананімным. Іншых навучэнцаў каледжу, адзначыў суразмоўца «Белсату», тэма нацыянальнай свядомасці – ніяк не хвалявала. Выкладчыкі таксама не рэагавалі на нейкія патрыятычныя выказванні хлопца. «Яны мелі пазіцыю: павыпендрываецца і пройдзе», – згадвае былы калега Кірылы.

Яўген Багданаў, які таксама вучыўся ў машынабудаўнічым каледжы, пацвердзіў, што Кірыла не быў актыўны ў грамадскім жыцці, тым больш не быў ніякім экстрэмістам.

«Што тычыцца партый – нічога такога. Кірыла, якога я ведаю, быў заклапочаны пытаннямі шчасця са сваёй дзяўчынай і кар’еры па спецыяльнасці, а не палітычнай барацьбой», – адзначыў спадар Яўген.

Падчас вучобы Кірыла цікавіўся музыкай, распавёў іншы ягоны знаёмы: «Ён быў нават дыджэем у нейкім клубе».
Пасля каледжу хлопец паступіў у Кааператыўны ўніверсітэт на завочнае аддзяленне ды паехаў на заробкі ў Расею. «Там яго, мабыць, прывабіў расейскі ІТ-заробак», – дапускае Яўген Багданаў.

Раз у паўгода Кірыла прыязджаў на радзіму, прычым было відаць, што хлопец добра зарабляе, бо мог дазволіць сабе дарагія рэчы – айфон ці іншыя тэхнічныя навінкі.

Кірыла меў у Гомлі дзяўчыну, якая чакала яго вяртання. Знаёмцы Кірыла згадалі, што яна вучылася ва ўніверсітэце Францыска Скарыны, але не ведаюць, на якім факультэце. Паводле аднаго з інфарматараў, дзяўчына Кірыла займалася ручным вырабам сувеніраў. Цяпер яна выдаліла сваю старонку з «УКантакце», але ў сацыяльнай сетцы засталася суполка, у якой жыхарка Гомлю прапаноўвала аўтарскія паштоўкі ручной работы. Сваёй дзяўчыне Кірыла прызнаваўся ў пачуццях на беларускай мове.

«Два гады за нястрыманыя выказванні – гэта надта шмат», – мяркуе былы аднакурснік Кірылы.

Яўген Багданаў сцвердзіў жа прама: «Я думаю, што гэта паказное судзілішча, каб іншыя баяліся, альбо проста нечыя прыступка ў карернай лесвіцы. Факт таго, што Кірыла грамадзянін іншай краіны, сыграў супраць яго ў гэтай справе».

22-гадовы Кірыла Сілівончык працаваў сістэмным адміністратарам на адным з заводаў у Ніжнім Ноўгарадзе. У снежні мінулага года яго затрымалі і абвінавацілі па арт. 205.2. Крымінальнага кодэксу РФ (публічныя заклікі да ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або публічнае апраўданне тэрарызму). Маладзёна пакаралі двума гадамі ў калоніі-пасяленні, але ёсць надзея на вызваленне па амністыі з нагоды юбілею Перамогі.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары