Астравецкая АЭС – не апошняя ў Беларусі


Акадэмія навук мяркуе, што ў 2030-м у Беларусі пачнуць будаваць новыя АЭС.

На прэсавай канферэнцыі ў Менску старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў заявіў, што на тэрыторыі Беларусі ў будучыні могуць пабудаваць большая колькасць атамных электрастанцый».

«Мы лічым, што гэта не апошняя атамная станцыя на тэрыторыі Беларусі. Можа быць, я апярэджваю, але мы мяркуем, што будуць стварацца яшчэ атамныя станцыі, можа быць, у 2030 годзе», – сказаў Гусакоў.

Актывіст антыядравай кампаніі з Варанянаў Мікалай Уласевіч у размове з Янай Запольскай з радыё «Рацыя» выказаў сумневы ў мэтазгоднасці нават адной АЭС для Беларусі.

«Нават гэтую станцыю, якую будуюць, цяжка сказаць «перажуюць» яны яе ці «праглынуць»? Таму што гэта, вобразна кажучы, як той камень, на шыі тапельца. Эканоміка рушыцца, на будаўнічай пляцоўцы бедлам», – кажа Уласевіч.

На пляцоўцы, дзе паўстае першая беларуская атамная станцыя, адбыўся шэраг здарэнняў.

Пасля аднаго са здарэнняў давялося замяняць корпус для атамнага рэактара. Але другі корпус рэактара пры транспартаванні зачапілі аб чыгуначны слуп.

Пасля таго, як медыі агучылі гэтыя выпадкі, інфармацыя пра будаўніцтва стала яшчэ больш закрытай.

«Факты, якія сталі вядомыя грамадскасці, прывялі да таго, што там вельмі жорстка абвастрылі праблему з доступам да інфармацыі. У тым ліку забаронена простым будаўнікам праходзіць з тэлефонамі, на якіх ёсць відэакамеры», – кажа Мікалай Уласевіч.

Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расеі пад Астраўцом у Гарадзенскай вобласці. Увод у эксплуатацыю першага энергаблоку запланаваны на 2019-ы, другога – на 2020-ы год.

ДД

Стужка навінаў