«Астана або Ерэван – той жа Менск»: Чаму перамовы па Данбасу застануцца ў Беларусі


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=dtkKs6P60pM”][vc_column_text]У беларускай сталіцы адбылася чарговая спроба ўрэгуляваць канфлікт на Данбасе ды абмеркаваць «дарожную мапу» ў рэалізацыі Менскіх пагаднення: сюды прыехалі міністры замежных справаў Нямеччыны, Францыі, Расеі ды Украіны.

«Менск ляжыць акурат паміж заходнім светам і ўсходнім, рэпрэзентаваным Расеяй. А паколькі большасць канфліктаў цяпер звязаныя менавіта з Расеяй, я не думаю, што еўрапейскія краіны хацелі б праводзіць перамовы наконт Украіны на сваёй тэрыторыі», – лічыць сацыёлаг Юрый Таран.

Гісторыя Менску як асноўнай пляцоўкі мірных перамоваў у справе Украіны бярэ пачатак з лютага мінулага года. Каб урэгуляваць канфлікт на Данбасе ды правесці перамовы з Расеяй, у Менск на асабістае запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі прыбылі канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзідэнты Францыі ды Украіны Франсуа Алянд і Пятро Парашэнка. Менавіта тады яны, паводле словаў кіраўніка Беларусі, «выпілі кавы некалькі вёдраў, каб у тонусе сябе трымаць» – перамовы цягнуліся да раніцы.

Неўзабаве пасля «Нармандскае сустрэчы» Еўразвяз зняў санкцыі з Лукашэнкі ды ягонага блізкага атачэння, адзначыўшы поспех афіцыйнага Менску як пляцоўкі для мірных перамоваў у справе Украіне.

Вайна на ўсходзе Украіны гэтак і не спынілася, але афіцыйнаму Менску міратворчая роля і карысць ад яе прыйшліся даспадобы. На мінулым тыдні Лукашэнка на сустрэчы з еўрапейскаю дэлегацыяй нават запрапанаваў запусціць «менскі працэс», аналагічны хельсінкскаму.

«З мэтай абмяняцца думкамі аб урэгуляванні адносінаў паміж Захадам і Усходам прапаную разгледзець магчымасць сустрэчы ключавым міжнародным экспертам у беларускай сталіцы», – заявіў Лукашэнка.

Тым часам галасы ў Кіеве прапаноўваюць пазбавіць Менск статусу перамоўнай пляцоўкі ў справе Украіны. З такою заяваю выступіла старшыня Камітэту міжнародных справаў Вярхоўнай Рады Украіны Ганна Гапко. Сваю пазіцыю дэпутатка Вярхоўнай Рады патлумачыла тым, што Беларусь заблакавала абмеркаванне рэзалюцыі правоў чалавека ў акупаваным Расеяй Крыме на трэцім камітэце Генеральнай Асамблеі ААН.

«Менск можа страціць статус перамоўнай пляцоўкі, бо такое галасаванне – яно навеянае і прадыктаванае вонкавым кіраваннем, пазіцыяй іншай краіны. Я не ведаю, ці былі нейкія гандляванні, чаму Беларусь гэтак зрабіла, бо ўсе іншыя заявы беларускіх афіцыйных асобаў казалі пра тое, што Беларусь паважае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны», – кажа Гапко.

Аднак пераносіць пляцоўку для перамоваў кантактавай групы ў еўрапейскія краіны не мае для Украіны практычнага сэнсу, мяркуюць адмыслоўцы. Бо ў Менску адбываюцца ў тым ліку сустрэчы трохбаковай кантактавай групы з удзелам прадстаўнікоў гэтак званых ДНР і ЛНР, што ў санкцыйным спісе Еўразвязу.

«Можна было б перанесці ў Астану, Ерэван або яшчэ куды-небудзь, але, у прынцыпе, гэта тое ж самае, што і Менск», – лічыць Юрый Таран.

Наступнае паседжанне кантактавай групы ў Менску запланавалі на 7-га снежня. Паводле адмысловага прадстаўніка АБСЕ Марціна Зайдыка, апошняе паседжанне, якое адбылося тыдзень таму, не прынесла чаканых вынікаў – за апошні час адмыслоўцы зафіксавалі шматразовыя парушэнні рэжыму спынення агню на паўднёвым усходзе Украіны.

Віталь Бабін

Стужка навінаў