Associated Press: Белы Дом цікавіўся ў выведкі «ўварваннем» Польшчы ў Беларусь


Дарадцы амерыканскага прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы цікавіліся ў спецслужбаў, як наладзіць адносіны з Расеяй: што Вашынгтон можа прапанаваць Маскве і што Трамп можа атрымаць ад Пуціна.

Інфармацыю апублікавала інфармацыйнае агенцтва Associated Press. У артыкуле гэты запыт назвалі дзіўным і адзначылі, што ніякіх доказаў такога ўварвання няма.

«Некаторыя першыя крокі адміністрацыі Трампа не толькі даюць зразумець, што зʼяўляецца яе прыярытэтамі, але і выклікаюць асцярогу. Паводле аднаго амерыканскага чыноўніка, дарадцы па нацыянальнай бяспецы запытвалі інфармацыю аб польскім «уварванні» ў Беларусь. Дзіўны і сенсацыйны запыт, улічваючы, што ніякіх фактаў падобнага ўварвання не існуе. У той жа час Польшча зʼяўляецца краінай, дзе занепакоеныя прыязным тонам Трампа ў адносінах да Расеі », – пішуць аўтары публікацыі.

На артыкул адрэгаваў шэраг амерыканскіх экспертаў у вайсковай галіне.

Джон Шындлер, былы аналітык выведкі і афіцэр контрразведкі Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША, напісаў у сваім Twitterʼы, што ўварванне Польшчы ў Беларусь існуе толькі ў «хворым уяўленні Крамля», а Польшча – верны саюзнік NATO.

Амерыканскі журналіст Дэйн Тайнэн выказаў здагадку, што такі запыт можа працаваць на «стварэнне глебы для апраўдання пуцінскай палітыкі экспансіі, каб «абараніць» Беларусь».

Прафесар Ваенна-марскога каледжа ЗША Том Нікалс напісаў, што ўварванне Польшчы ў Беларусь – «чуткі, якія распаўсюджваюцца дурнаватымі прарасейскімі прапагандыстамі».

Папулярны і аўтарытэтны ваенны блог War Is Boring таксама звярнуў увагу на гэтую інфармацыю. Выданне назвала сітуацыю у Беларусі «трывожнай», а сцэнар захопу Беларусі падчас вучэнняў Захад-2017 як верагодны.

ДР belsat.eu паводле belaruspartisan.org

Стужка навінаў