Асобы, якія захапілі будынак паліцыі ў Ерэване, застрэлілі праваахоўніка

video

Удзельнікі ўзброенай групоўкі, якія 17 ліпеня ўзялі ў закладнікі паліцэйскіх у сталіцы Арменіі, адкрылі агонь. У выніку страляніны загінуў паліцэйскі Юрый Тэпанасян, паведамляе ria.ru.

Працаўнік праваахоўных органаў падчас страляніны знаходзіўся ў машыне на адлегласці 350-400 метраў ад захопленага пастарунку.

У ноч на 30 ліпеня больш 150 асобаў былі затрыманыя ў Ерэване пасля сутычак дэманстрантаў з паліцыяй каля захопленага будынку. Мітынгоўцы выступалі ў падтрыманне ўзброенай групы, якая ад 17 ліпеня ўтрымлівае пад сваім кантролем будынак патрульна-паставой службы.

17 ліпеня група ўзброеных людзей захапіла будынак палка патрульна-паставой службы з патрабаваннямі вызваліць каардынатара апазіцыйнай грамадзянскай ініцыятывы «Устаноўчы парламэнт» Жырайра Сэфіляна. У выніку быў забіты палкоўнік паліцыі, чацвёра паліцэйскіх атрымалі раненні.

Сефілян абвінавачваецца па артыкуле «незаконныя набыццё, продаж, захоўванне, перавозка або нашэнне зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў ці выбуховых прыладаў, учыненыя групай асобаў па папярэдняй змове». Па яго крымінальнай справе ў якасці абвінавачаных праходзяць дзевяць асобаў. Паводле следства, яны хацелі захапіць урадавыя будынкі і тэлевежу.

У 2006-м Сефілян на 18 месяцаў трапіў у турму за публічныя заклікі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага парадку і незаконнае захоўванне зброі. У чэрвені 2008 года пасля адбыцця тэрміну пакарання выйшаў на волю. Сёмага красавіка 2015 года Сефілян разам з прадстаўнікамі арганізацыі «Устаноўчы парламент» быў арыштаваны па падазрэнні ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, але праз месяц яго адпусцілі.

Жірайр Сефілян нарадзіўся ў 1967 годзе ў Ліване. Удзельнічаў у самаабароне армянскай абшчыны падчас грамадзянскай вайны ў Ліване (1975-1990 гады). У 1990-х прыехаў у Нагорны Карабах і ўзяў удзел у канфлікце з Азербайджанам. Некаторы час пасля пераможнай карабахскай вайны ён служыў у шэрагах Арміі абароны Нагорнага Карабаху. Быў дэмабілізаваны ў званні падпалкоўніка. У апазіцыі з пачатку 2000-х.

Фота: Sputnik/ Асатур Есаянц

ЮВ, belsat.eu, паводле ria.ru

Глядзі таксама
Каментары