«Ашчадзіць 55 кап». Менскія пенсіянеры ўдаюць у метро інвалідаў


У сталічным метрапалітэне сталі часцей з’яўляцца грамадзяне з падробленымі пасведчаннямі інваліда.

«Каб зэканоміць 55 капеек, людзі ідуць на самыя разнастайныя хітрыкі: прыляпляюць сваю фатаграфію на пасведчанне інваліда, калісьці належала іншаму чалавеку, уносяць змены ў тэкст дакументу. У большасці выпадкаў «фальшывымі інвалідамі» становяцца пенсіянеры», – цытуе старшыню УУС па ахове метрапалітэна Кірыла Кіслова старонка ГУУС Менгарвыканкама.

Летась міліцыянты зарэгістравалі ў сталічнай падземцы 92 злачынствы паводле артыкулу 380 Крымінальнага кодэксу («падробка, выраб, выкарыстанне або збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў»), учыненых пенсіянерамі.

У траўні 2016 году суд Кастрычніцкага раёну пакараў пенсіянеру штрафам у Br 630 за падробку пасведчання інваліда. Паводле рашэння суду Заводскага раёну Менску аналагічнае пакаранне панесла пенсіянерка ў снежні.

Сёлета міліцыянты затрымалі двух пенсіянерак з падробленымі пасведчаннямі: адну, з фальшывым пасведчаннем інваліда 2-й групы на станцыі «Маскоўская», другую жанчыну – на «Акадэміі навук».

Ільготаў на праезд у грамадскім транспарце беларускія пенсіянеры, а таксама студэнты, страцілі 17 снежня 2007 года пасля таго, як набыў моц закон «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзянаў».

ДД

Глядзі таксама
Каментары