Асацыяцыя каноэ: інфармацыя «Le Monde» пра мельдоній у беларусаў – няпраўда


Беларуская асацыяцыя каноэ зняпраўджвае інфармацыю «Le Monde» пра пазітыўныя допінг-пробы беларускіх спартоўцаў. Трэнер кажа, што пазітыўнымі тэсты былі ў пяці чалавек.

Сёння парыжскі штодзённік «Le Monde» са спасылкаю на неназваную крыніцу апублікаваў артыкул пра тое, як падчас збору ў Францыі антыдопінгавае агенцтва супольна з паліцыяй правяло вобшук у беларусаў і ўзяло ў спартоўцаў допінг-тэсты. Паводле выдання, 17 аналізаў на мельдоній аказаліся пазітыўнымі.

Журналісты сцвярджаюць, што падчас ператрусу ў пакоях беларускіх спартоўцаў знайшлі сляды «цяжэйшага допінгу, чымся мельдоній», шпрыцы і «стымулятары».

Здарэнне адбылося 12 красавіка падчас трэнавання беларусаў у французскім Ла Тамль-сюр-Ло.

«Я ў прафесійным спорце больш за 40 гадоў і ніколі ні з чым падобным не сутыкаўся», – заявіў пасля вяртання ў Беларусь галоўны трэнер каманды Уладзімір Шантаровіч.

«Раней толькі па тэлевізары бачыў, як група сілавікоў уваходзіць у які-небудзь прытон. Штосьці падобнае было цяпер і ў Францыі».

«Гэтае здарэнне, безумоўна, правакацыя, скіраваная на адхіленне зборнай па веславанні на байдарках і каноэ ад удзелу ў Алімпіядзе. Лічу такія паводзіны антыдопінгавага агенцтва Парыжу непрымальнымі», – казаў Шантаровіч журналістам.

Паводле сённяшняй заявы Беларускай асацыяцыі каноэ, інфармацыя «Le Monde» «не адпавядае рэчаіснасці» ды проста «уводзіць чытачоў у зман».

Асацыяцыя рыхтуе цяпер афіцыйную заяву, якую распаўсюдзіць у пятніцу праз медыі.

Увечары ў інтэрвʼю газеце «Прэсбол» Шантаровіч заявіў, што сляды мельдонія сапраўды выяўленыя ў пяці нашых спартсменаў.

«Двое з іх – гэта браты Багдановічы. Яшчэ трое – канаіст Максім Пятроў, байдарачнікі Аляксандр Ляпешка і Дзмітрый Сільчанка – не ўваходзяць у алімпійскую зборную. Ніякага «больш цяжкага допінгу», як паведамляецца, у хлопцаў не знойдзена».

Паводле Шантаровіча, гэтыя тэсты былі ўзятыя Французскім антыдопінгавым агенцтвам яшчэ ў сакавіку.

«Наколькі мне вядома, змест мельдонія ва ўсіх тэстах не перавышае нормаў. Французскае агенцтва будзе высвятляць, калі менавіта забаронены цяпер прэпарат трапіў у арганізм беларускіх спартсменаў – да або пасля 1 студзеня. Кожны выпадак даследуецца асобна», – кажа трэнер.

Пасля здарэння ў Францыі беларускую зборную па веславанні на байдарках і каноэ дапусцілі да этапу Кубка свету ў нямецкім Дуйсбургу, дзе нашая каманда заваявала дзесяць медалёў.

ДД, belsat.eu; фота: Міністэрства спорта і турызма

Стужка навінаў