Асад просіць больш вайсковай дапамогі ў хаўруснікаў


Пасля візіту ў Маскву Асад звяртаецца да Ірану з просьбай выслаць больш вайсковых спецыялістаў.

«Newsweek» паведамляе, што Іран павялічвае штат вайсковых дарадцаў у Сірыі. Хосэйн Амір-Абдолаханян, які адказвае ў іранскім МЗС за сувязі з арабскімі і афрыканскімі краінамі, падкрэслівае, што ўся дапамога Ірану – выключна кансультацыі спецыялістаў, якія едуць у Сірыю па просьбе Асада. Дыпламат таксама прызнае, што «у апошнія дні іх колькасць у Сірыі павялічылася».

Гэта можа быць звязана з іранскімі стратамі. Так, адзін з найбольш важных прадстаўнікоў тэгеранскага штабу генерал Хосэйн Хамадані быў забіты нядаўна падчас баёў у Алепа. Таксама можна выказаць здагадку, што Асад рыхтуе шырокую вайсковую кампанію супраць паўстанцаў. У гэтым рэчышчы лагічным выглядае яго візіт у аўторак увечары ў Маскву.

Сірыйскі прэзідэнт здзівіў увесь свет, калі калі з’явіўся ўчора ў Крамлі, каб паразмаўляць са сваім другім хаўруснікам, Уладзімірам Пуцінам. Гэта першы выпадак з пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі, калі Асад пакідае краіну.

Агенцыя «Тасс» піша, што прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітры Пяскоў адмовіўся назваць канкрэтныя вынікі перамоваў, і сказаў толькі, што абмяркоўвалася «вайсковая аперацыя Расеі ў Сірыі» і «перспектыўныя планы».

30 верасня Расея па просьбе Асада распачала бамбаванне сірыйскіх тэрыторый. Афіцыйна цэлямі расейскіх ракетаў з’яўляюцца пазіцыі баевікоў Ісламскай дзяржавы.

Іран дапамагае Асаду перадусім тэхнічнымі і грашовым сродкамі. У 2013 годзе гэтая краіна выдзеліла Сірыі пазыку ў 3,6 млрд долараў. Тэгеран настойліва абвяргае чуткі пра прысутнасць сваіх жаўнераў за мяжой. Аднак, на пачатку кастрычніка медыі са спасылкай на ліванскія крыніцы паведамлялі, што армія Ірану брала ўдзел у наземных аперацыях у Сірыі.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў