Арышт беларускага байца: дзе праўда, а дзе «аператыўная гульня»? – Сваймі імёнамі


Паказальны арышт беларускага добраахвотніка з выбухоўкаю, зброяй і «даведкай ад Яраша» можа мець «падвойнае дно». Каму і навошта патрэбная гучная спецаперацыя? – Піша Зміцер Ягораў.

На сённяшні дзень дзякуючы арышту беларускага байца «Правага сектару» мы маем пакет кампрамату на беларускіх добраахвотнікаў, што ваююць за Украіну на Данбасе. Гэтая справа мае ўсвядоміць беларусам, што добраахвотнікі – непрадказальныя і небяспечныя асобы.

Спачатку міліцыя паведаміла пра затрыманне на Цэнтральным вакзале ў Менску, а неўзабаве Следчы камітэт апублікаваў  фотаздымкі доказаў: пісталет (чамусьці без патронаў), бронекамізэльку, дакументы, чорную балаквалу і даведку ад «Правага сектару» аб удзеле байца ў АТА. Паведамляецца таксама пра выбухоўку. Бракуе, бадай, толькі выідэапрызнання арыштаванага аб тым, што ён збіраўся падарваць метро ці дзіцячы садок з паглыбленым вывучэннем расейскай мовы.

Але што з гэтага можна прыняць як сапраўдныя факты, а што можна паставіць пад сумнеў?

Няма пытанняў толькі адносна даведкі ад «ПС» – праваахоўнікі не сталі б яе паказваць, калі б не былі ўпэўненыя на 100 %, што яна сапраўдная. Падробку журналісты вылічылі б цягам 10 хвілінаў з дапамогаю актывістаў з Украіны.

На фотаздымках ад Следчага камітэту – баявая зброя, самаробная граната, два беларускія пашпарты, ваенны білет, няшчасная балаклава (дзетак пужаць), банкаўскія карткі і нейкі раскрыты пакунак. Ці гэты сапраўды было пры затрыманым?

А цяпер уявіце: баец праехаў украінска-беларускую мяжу, але ўсяго гэтага дабра пры ім не знайшлі а ні ўкраінскія, а ні беларускія памежнікі. Потым ён даехаў да Менску і ў апрануты ў бронекамізэльку («незвычайна апрануты» – падкрэсліваюць у прэс-службе міліцыі) пачаў хадзіць па Цэнтральным вакзале, які перапоўнены міліцыянтамі ў форме і ў цывільным. Ці стане так сябе паводзіць чалавек, які ведае, што КДБ неаднойчы пагражаў «крыміналкаю» тым, хто ваюе на Данбасе? І тут яго затрымліваюць «дзякуючы пільнасці працаўнікоў транспартнай міліцыі». Лічы – выпадкова. Вельмі дзіўны збег акалічнасцяў.

А можа арыштавалі яго і невыпадкова. Магчыма, «вялі» ужо ад мяжы (ці раней). А загад «спраўдзіць дакументы» далі, калі той ужо вывеў на след іншых. Зрабіў 1-2 тэлефанаванні паплечнікам у Беларусі: я даехаў, усё ў парадку. Можа і зброі пры ім не было, такога дабра хапае ў спецслужбаў. І цяпер следчыя маюць такую доказную базу, што хоць заўтра – у суд.

Бо паказальная судовая справа над беларускімі добраахвотнікамі даўно патрэбная асабіста кіраўніку КДБ Валерыю Вакульчыку.

Чаму? Бо ўсё да гэтага ішло. Яшчэ ў верасні Аляксандр Лукашэнка паабяцаў «разабрацца» з тымі, хто ваюе «калі яны вернуцца ў краіну». «Вырашыць праблему» неаднаразова публічна абяцаў Валерый Вакульчык. І цяпер настаў час гэтыя пагрозы здзейсніць.

Няважна, ці баец з Данбасу будзе мець з сабой толькі «даведку ад Яраша», ці яшчэ багажнік гранатамётаў. КДБ мусіць адпрацаваць. Можна і «чужымі рукамі» – з дапамогаю пільных працаўнікоў транспартнай міліцыі і прынцыповых следчых з СК.

Абсалютна ясна, што гэтая версія гучыць як тэорыя змовы. Але паглядзіце на афіцыйную версію: яна гучыць па-ідыёцку і нават палохае! Узброеная асоба з баявым досведам прабралася (легальна ці не – няважна) праз дзяржаўную мяжу якую цяпер узмоцнена ахоўваюць, даехала да самага Менску, дзе яе выпадкова (!) арыштавалі. Бо выглядаў мужчына незвычайна неяк.

Калі гэтак працуе беларускі КДБ і памежнікі, то кіраўніцтва спецслужбаў трэба тэрмінова адправіць на незаслужаны пакой (ці пад суд – у залежнасці ад акалічнасцяў справы), а кожнаму жыхару Беларусі моцна задумацца пра сваю бяспеку.

Калі ж мая «тэорыя змовы» мае больш праўды, чымся афіцыйная версія, то чакаем паказальнага суда з жорсткім прысудам, быць можа, новых затрыманняў і, вядома, узнагароду для Вакульчыка.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары