Аршанскія чыноўнікі забаранілі святкаваць гадавіну Бітвы пад Воршаю


Бітва пад Воршаю – славутая старонка гісторыі, якую ўлады не толькі ігнаруюць, але і не дазваляюць узгадваць. Аршанскія чыноўнікі забаранілі правесці фэст і канцэрт на Крапівенскім полі, дзе 500 гадоў таму нашыя продкі перамаглі амаль утрая вялікшае маскоўскае войска.

Забарону ўлады аргументавалі тым, што арганізатары святкаванняў не ўключылі ў заяўку крыніцы фінансавання імпрэзы, а таксама яе забеспячэння аховаю і медыкамі.

МІКОЛА КУПАВА, АРГКАМІТЭТ СВЯТКАВАННЯ:

“Калі б Ворша была зацікаўлена ў гэтым мерапрыемстве, то яны б нам сказалі, што вось гэтага, гэтага няма, вы гэта зрабіце, тады мы будзем разглядаць. Яны зрабілі такую пастку, да апошняга моманту, што вось гэтага няма, і мы не можам вам даць дазволу”.

Што ж наконт адзначэння такіх гістарычных датаў думаюць самыя беларусы? Ці варта іх памятаць? Пра гэта мы запыталі на вуліцах Менску.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ: “Я мяркую, так, трэба. Бо гэта вялікія перамогі беларускага народу. Іх у прынцыпе не так шмат, а тут такая яскравая”.

“Беларусь і Расея – два брацкія народы. Навошта між сабою сабачыцца і адзначаць, што нехта кагосьці пабіў?”.

“Варта, бо гэта нашая гісторыя, складае наш менталітэт, самасвядомасць”.



Перамогу пад Воршаю 8 верасня шмат хто лічыць Днём беларускае вайсковае славы. У 1992-м, менавіта ў яе гадавіну, сябры Згуртавання беларускіх вайскоўцаў прысягнулі на вернасць роднай краіне і народу.

Цяпер уявіць нешта такое – немагчыма. Згадка ж гістарычных падзеяў, звязаных з супрацьстаяннем нашых продкаў з Масквою, стала табу. А адзначэнне іх гадавінаў амаль заўжды суправаджаецца арыштамі і затрыманнямі.

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ: “Улады Беларусі баяцца Расеі, баяцца, што шырокае святкаванне перамогі над Масковіяй можа выклікаць велізарнае незадавальненне ў Крамлі”.

Дзе не хочуць чуць пра самадастатковасць суседніх народаў. Што і пацвердзіла нядаўняя заява Уладзіміра Пуціна пра тое, што Казахстану як дзяржавы ніколі не існавала, зазначае Алесь Лагвінец.

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ: “Гэта было вядома, адносна Беларусі ён некалькі разоў гэта казаў. Гэта ідзе ў тым жа самым кантэксце, як ягонае шкадаванне аб распадзе Савецкага Саюзу”.

Адзначаць жа юбілей Аршанскае бітвы грамадскасць будзе, нягледзячы на пазіцыю ўладаў. У планах – канцэрты, экскурсіі, выставы і, натуральна, наведанне Крапівенскага поля, дзе ўсцяж жыве беларуская вайсковая слава.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў