Аршанская «Спадарыня Забараніць» пакінула сваю пасаду ў райвыканкаме


Фота orshanka.by

Кіраўніца аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і справаў моладзі ў Воршы Ганна Святлова пакінула сваю пасаду. Яна займала яе шмат гадоў і запомнілася тым, што за гэты час у горадзе былі забароненыя дзясяткі культурніцкіх канцэртаў, выставаў ды імпрэзаў.

Ганна Святлова, бадай, самы скандальны чыноўнік Аршаншчыны апошніх гадоў. Праз свае рашэнні яна часта трапляла пад увагу СМІ. Для прыкладу, Святлова ў свой час праславілася тым, што ўбачыла крамолу ў аздабленні сцэны ў Гарадскім цэнтры культуры да юбілею Уладзіміра Караткевіча. На сцэне на белым фоне быў намаляваны чырвоным беларускі арнамент. Чыноўніца заявіла, што здалёк гэта можна прыняць за бел-чырвона-белы сцяг. Тады арнамент давялося завешваць стылізаванымі ручнікамі.

Пад цэнзуру патрапілі цырк-шапіто «Арлекін» і «Фестываль фарбаў Холлі». Аднак самай вядомай сталася сёлетняя забарона канцэрта Сержука Доўгушава ды Аляксандра Ясінскага.

Тады музыкі хацелі распачаць свой тур-прэзентацыю новага альбома «Дарогі» менавіта з Воршы. Сяржуку – чалавеку, жыццё якога цесна звязана з Аршанчынай, – даставалася, бадай, часцей за ўсіх. Ягоныя канцэрты адмянялі ажно тройчы. Нягледзячы на перашкоды, выканаўцы не змянілі сваё рашэнне і зладзілі першы канцэрт у Воршы. Праўда зрабіць гэта давялося на прыватнай кватэры. У іншых гарадах Беларусі канцэрты адбыліся без якіх-кольвек праблем.

Улічваючы колькасць разнастайных забаронаў у горадзе, мясцовыя дзеячы нават склалі асобны «чорны спіс Святловай».

«За тры першыя месяцы 2014 года яна паспела забараніць дзесяць імпрэзаў. Вядома ж, калі браць фармальны бок, то ў Воршы немажліва літаральна забараніць якое-небудзь мерапрыемства. Аднак калі амаль усе ўстановы культуры, грамадскія актавыя залі ды канцэртныя пляцоўкі знаходзяцца ў руках аддзелу культуры, адмяніць можна любую культурніцкую падзею, адмаўляючы ў памяшканні. І прычыны для такіх забаронаў знаходзяцца розныя», – гаворыць адзін са складальнікаў «чорнага спісу», журналіст і грамадскі актывіст Ігар Казмярчак.

Вось няпоўны спіс сарваных мерапрыемстваў:

  • У 2014 годзе мастак Мікола Купава не атрымаў магчымасці правесці сустрэчу, прысвечаную Бітве пад Воршаю;
  • Пачынаючы з таго ж 2014 года пастаянна не даставалася памяшканняў Змітру Вайцюшкевічу. Праўда пры ўсім гэтым ён без праблем выступаў у суседнім Дуброўне ды сельскіх клубах;
  • У лютым 2016 не знайшлося памяшкання пад выступленне ансамбля «Harmonic style project» з праграмай да дня народзінаў Рыгора Барадуліна «Песні матчыны з Вушаччыны»;
  • З праблемай адсутнасці памяшкання сутыкнуліся бард Эдуард Акулін і пісьменнік Леанід Дранько-Майсюк;
  • У 2016 годзе не атрымаў дазвол на свой канцэрт артыст дзяржаўнай філармоніі Сяргей Доўгушаў. Прычына ранейшая – «няма» памяшкання;
  • Памяшканняў не хапала не толькі артыстам. Для прыкладу, для краязнаўчай канферэнцыі па Магдэбургскім праве таксама не знайшлося месца. У выніку яна прайшла ў платнай залі гасцініцы «Ворша»;
  • У 2017 годзе не далі памяшканне пад прэзентацыю кнігі Уладзіміра Арлова «Айчына». Як не дзіўна, у іншых гарадах прэзентацыя прайшла з поспехам;
  • У канцы 2017 года праблемы з памяшканнем закранулі і Ганну Севярынец, якая мелася прэзентаваць сваю кнігу;
  • Ужо ў 2018 годзе не атрымалася правесці сваю сустрэчу Віцебскаму аддзяленню Саюзу пісьменнікаў. У гэты раз памяшканне нібыта і знайшлося, аднак цяпер аказаліся занятымі працоўнікі аддзелу культуры, якія маглі б яго перадаць. Тады Уладзіміру Папковічу, Галіне Сіняковай, Аляксандру Пісчыку ды Анастасіі Лазебнай давялося перабрацца ў суседняе Дуброўна.

Вядома ж, для кожнай забароны знаходзіліся свае прычыны, але вынік амаль заўсёды быў аднолькавы – мерапрыемства не праводзілася.

Афіцыйнай інфармацыі пра новага кіраўніка аддзелу ідэалогіі, культуры і па справах моладзі пакуль няма. На сайце аршанскага райвыканкаму месца Ганны Святловай ужо паспела заняць Алена Русакова, аднак яшчэ не вядома, гэта сапраўднае прызначэнне ці толькі часовае выкананне абавязкаў.

Магчыма, гэткія кадравыя змены ў культуры звязаныя з прызначэннем у Воршы новага кіраўніка выканкаму – Аляксандра Пазняка. Паводле неафіцыйнае інфармацыі, без пасады Святлова ўсё адно не застанецца – цяпер яна будзе працаваць дырэктарам школы мастацтваў №2.

Віктар Старавойтаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары