Арнітолагі: Не дапамагайце птушанятам, якія выпалі з гнязда


Подлетак валасяніцы пярэстай. Фота: Сяргей Рыжкоў.

Распачаўся сезон, калі птушаняты вучацца лятаць. «Ахова птушак Бацькаўшчыны» просіць не дапамагаць подлеткам.

Травень і чэрвень у Беларусі – сезон, калі птушаняты пакідаюць гнёзды, вучацца лятаць і жыць самастойна. Беларусы заўважаюць у лясах і парках птушанятак ды спрабуюць ім дапамагчы. АПБ просіць не чапаць птушак: з імі ўсё ў парадку.

Што адбываецца?

Напрыканцы вясны інстынкты выштурхоўваюць птушанятак з надзейных укрыццяў – яны выскокваюць з гнязда і падаюць на галіны дрэваў або зямлю. Гэта натуральны вучэбны працэс, які адбываецца пад наглядам бацькоў.

Як пазнаць подлетка?

Подлеткі, як правіла, не маюць поўнага апярэння, махавыя і рулявыя пёры ў іх часткова ў трубачках, а птушаняты соваў наагул пакідаюць гняздо яшчэ ў пуховым строі. У верабʼіных край дзюбы ўпрыгожаны жоўтымі валікамі. Яны не зусім падобныя да сваіх бацькоў. Часта менавіта гэта становіцца прычынай, чаму людзі забіраюць «хворую» або «недаразвітую» птушачку. На самай справе з птушанём усё ў парадку: гэта «дзіця», і яно хутка вырасце ды стане выглядаць «дарослым».

Арнітолагі кажуць: найлепшае, што можа зрабіць чалавек, – адыйсці падалей, каб не нерваваць птушаня ды ягоных бацькоў.

У выпадку, калі птушаня сядзіць побач з праезджай часткай, роварнай сцяжынкай або дзіцячай пляцоўкай, яго можна перанесці да бліжэйшых кустоў або дрэваў, дзе бацькі яго знойдуць, а «чуллівыя сэрцы» – не.

Калі сталася так, што вы прынеслі подлетка дахаты, яго трэба як мага хутчэй вярнуць туды, дзе яго знайшлі.

«Людзям шкада птушанятак, як шкада маленькіх дзяцей або кацянятаў. Але птушаняты – гэта зусім іншае. Яны павінныя заставацца ў дзікай прыродзе, і ніколі не стануць «кватэрнымі». Так, не кожнае птушаня зможа стаць дарослаю птушкаю, іх падцікоўвае шмат небяспекі. Але гэта натуральны адбор, гэта закон прыроды», – кажа Сямён Левы з АПБ.

«Падумайце: вы ўзялі дадому моцнае птушаня, якое выжыла б у прыродзе само. А больш за палову выпадкаў такой «дапамогі» ад людзей канчаюцца сумна, у самым горшым сэнсе гэтага слова», – дадае спецыяліст.

Паводле беларускага заканадаўства адабранне птушак з дзікай прыроды забараняецца і падпадае пад адміністратыўную адказнасць.

ДД,  belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары