Армянскія вайскоўцы распачалі танкавую атаку ў зоне карабахскага канфлікту


У ноч на 24 красавіка азербайджанскія вайскоўцы нібыта падбілі армянскі танк, сцвярджаюць у Мінабароны Азербайджану.

«Армянскія танкі ноччу наблізіліся да пазіцыяў азербайджанскай арміі і пачалі іх абстрэльваць. З прыцягненнем дадатковай жывой сілы армянскі бок паспрабаваў перайсці ў атаку. Аднак армія Азербайджану перадухіліла гэтую спробу, знішчыўшы варожы танк з ягоным экіпажам. Пасля гэтага армянскі бок быў вымушаны адысці ў кірунку Агдэрэ», – паведамляе Міністэрства абароны Азербайджану.

Паводле Баку, армянскія вайскоўцы парушылі цягам апошніх содняў рэжым спынення агню 108 разоў.

Раней прэс-служба Мінабароны непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі (НКР) паведаміла, што ў ноч на нядзелю азербайджанскія ўзброеныя сілы працягвалі парушаць рэжым спынення агню.

5 красавіка ў Баку і сталіцы непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі Сцепанакерце заявілі аб спыненні агню ў зоне карабахскага канфлікту. З моманту падпісання пагаднення аб спыненні агню бакі канфлікту штодня абменьваюцца абвінавачаннямі ў парушэнні замірэння.

ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.ru

Стужка навінаў