Пакуль суседзі святкуюць 100-годдзе незалежнасці, у Беларусі, як і ў Расеі, урачыста адзначаюць 100-годдзе Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі. Паводле заканадаўства, беларускія Узброеныя сілы – гэта адзін з элементаў ваеннай бяспекі ды ўзброенай абароны Беларусі, адзін з гарантаў нашай незалежнасці. А як на практыцы? Чыю бяспеку і незалежнасць прымусяць бараніць беларусаў у выпадку новай вялікай вайны?
Гэта не пародыя. На афіцыйных відэавіншаваннях да 100-годдзя Узброеных сілаў, замоўленых Міністэрствам абароны Беларусі, бальшавікі-чырвонаармейцы ператвараюцца ў савецкіх жаўнераў, прысягаюць Савецкаму Саюзу, а ў канцы пераапранаюцца ў сучасны «піксель» і абяцаюць бараніць свой край. Ворагі, падобна, засталіся тыя ж самыя – заходнія імперыялісты.
Старыя савецкія лозунгі аб Чырвонай арміі дастаў з кладоўкі і Лукашэнка. 22-га лютага на ўрачыстым сходзе ў Палацы Рэспублікі ён казаў пра пашырэнне НАТО і шкадаваў, што былыя саюзнікі з Варшаўскай дамовы перайшлі на іншы бок. І пагражаюць!
«Ажыццяўляецца паслядоўная мілітарызацыя Усходняй Еўропы, дзе разгортваюцца дадатковыя вайсковыя кантынгенты. Як следства, сёлета істотна павялічацца вайсковыя выдаткі гэтых краінаў», – заявіў Лукашэнка. І загадаў рыхтавацца да ўсенароднай абароны Беларусі:
«70 тысячаў вайскоўцаў нашай арміі не запэўніваюць бяспеку дзяржавы. У выпадку ваеннага канфлікту мы ў стане цягам кароткага прамежку часу паставіць «пад ружжо» паўмільёна чалавек і сіламі тэрытарыяльнай абароны забяспечыць абарону найважнейшых аб’ектаў».
Лукашэнка запэўніў прысутных вайскоўцаў, што яны здольныя выканаць усе пастаўленыя задачы, бо вучацца сучасным метадам вядзення вайны і цалкам экіпаваныя ўсім неабходным. Увогуле Беларусь распрацоўвае сваю высокадакладную зброю, беспілотнікі, сучасныя зенітныя комплексы і шмат чаго яшчэ.
Ці вераць беларусы ў моц свайго войска? Ці абаронімся мы ў выпадку вялікай вайны? «Белсат» спытаў берасцейцаў.
Адказы былі рознымі:
«Калі нападзе Літва, то так. Калі нападзе НАТО, то наўрад ці».
«У Беларусі вельмі моцнае войска. На вучэннях гэта паказана ідэальна».
«У нас баявая гатовасць значна вышэйшая, чым у іншых краінах. Бо ў нас стаўленне да вайсковай службы кваліфікуецца патрыятызмам».
«У тым стане, у якім ёсць, наўрад ці. Без усходняга брата».
«Яно не такая шматлікае і не настолькі экіпаванае, каб супрацьстаяць НАТО ці Расеі».
«Легчы пад натаўскія танкі за Расею» – гэта не толькі гучныя абяцанні Лукашэнкі, але і сэнс ваенных дамоваў г.зв. Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Але ёсць спосаб іх не выканаць і застацца жывымі ды незалежнымі. Гэтак званая «стратэгія вожыка», паводле прыкладу Швейцарыі, кажа кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў:
«Мы павінныя быць настолькі моцныя, каб для кожнага з магчымых захопнікаў тыя страты, якія яны панясуць у выніку захопу ці прымусу Беларусі да дзеянняў у рэчышчы сваіх інтарэсаў, былі непараўнальныя з выгадамі, якія яны атрымоўваюць. Каб ім нявыгадна было нас захопліваць».
Праўда, ці будзе такая вайна – яшчэ вялікае пытанне. Як мяркуе Андрэй Паротнікаў, ніводная краіна ў сучаснай Еўропе, нават Расея, не гатовая да такой вайны, дзе сутыкнуцца НАТО з Расеяй. А за Расею ніводная з краінаў АДКБ ваяваць не будзе, бо гэта ваенна-палітычны блок, а толькі міжнародная рэгіянальная арганізацыя з універсальнаю кампетэнцыяй у галіне бяспекі.
У новых, «паслякрымскіх» умовах Масква працягвае спробы захаваць саюзнікаў, у тым ліку ўразіць сваёй ваеннаю магутнасцю. Недарма ў гэты чацвер Уладзімір Пуцін прымаў у Крамлі міністраў абароны ўмоўных сяброў. Арменія, Азербайджан, краіны Сярэдняй Азіі, Манголія, Катар, Сербія і нават Венесуэла. Ад Беларусі быў намеснік міністра абароны Сяргей Патапенка. Генералам паказалі Нацыянальны цэнтр абароны.
Для ўладаў Беларусі чужыя войны – гэта спосаб нешта атрымаць. Ці то зброю ад Расеі, ці то дыпламатычную вагу. Лукашэнка гатовы рызыкаваць тысячамі жыццяў беларускіх вайскоўцаў і адправіць іх на Данбас у якасці міратворцаў. 18-га лютага, на выбарчым участку ён завочна звярнуўся да Пуціна і Парашэнкі: «Дамовіцеся стаць паміж – я стану. Дамовіцеся вывесці 10 тысячаў узброеных сілаў Беларусі – мы паставім іх на мяжы, дзе скажаце».
Афіцыйны Кіеў, аднак, не прыняў такой прапановы. І добра – беларусы ўжо гінулі як воіны-інтэрнацыяналісты на чужой зямлі за амбіцыі маскоўскіх стратэгаў.
Што да ўнутрыпалітычных мэтаў, то ваенную рыторыку выкарыстоўваюць усе дыктатуры.
Як мяркуе Андрэй Паротнікаў, кажучы пра «пагрозу з Захаду» кіраўніцтва краіны спрабуе кансалідаваць грамадства вакол асобы правадыра, галоўнага абаронцы. Гэта спроба ва ўмовах эканамічнага крызісу і правалу сацыяльна-эканамічнай палітыкі, асабліва ў рэгіёне, згуляць на двух галоўных мэсіджах: «вы хочаце, каб было, як ва Украіне?» і «абы не было вайны».
І тут ёсць праблема. Усе ўнутраныя крызісы – пратэсты грамадзянаў і абвалы эканомікі – рэжым Лукашэнкі не проста паказвае, як праяўленне варожага ўплыву. Ён сам у гэта верыць.
Яраслаў Сцешык, «Белсат»
Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык
Таксама ў праграме: