Арменія пацвердзіла гібель 18 сваіх вайскоўцаў у Карабаху


Армянскія ўзброеныя сілы падчас сутыкненняў з азербайджанскімі вайскоўцамі ў ноч на суботу, 2 красавіка, і цягам дня страцілі забітымі 18 вайскоўцаў, 35 – параненыя, заявіў прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян.

«З моманту аднаўлення рэжыму замірэння ў 1994 годзе гэта самыя шырокамаштабныя баявыя дзеянні, якія паспрабаваў ажыццявіць Азербайджан. Дзякуючы своечасовым дзеянням армянскіх сілаў, стала магчымым не толькі ўзяць сітуацыю пад кантроль, але і нанесці праціўніку істотныя страты», – сказаў Саргсян на пасяджэнні Савету нацыянальнай бяспекі вечарам у суботу.

Паводле ягоных слоў, на дадзены момант загінулі 18 армянскіх вайскоўцаў, 35 – атрымалі раненні.

Глядзіце таксама >>>Арменія збіла азербайджанскі вайсковы верталёт

Азербайджан прызнаў, што цягам дня загінулі 12 азербайджанскіх жаўнераў, быў знішчаны танк і верталёт.

Сітуацыя ў зоне карабахскага канфлікту абвастрылася ў ноч на суботу. Бакі канфлікту абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэнні замірэння. Абодва бакі паведамляюць пра інтэнсіўныя баявыя дзеянні з ужываннем артылерыі і авіяцыі ды пра сурʼёзныя страты з боку праціўніка, абвяргаючы пры гэтым паведамленні адзін аднаго.

Прэс-служба Міністэрства абароны Азербайджана сёння днём заявіла, што падчас баёў загінулі больш за 200 армянскіх салдат. Аднак у ваенным ведамстве Арменіі назвалі гэтае паведамленне дэзынфармацыяй, якая не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю.

МЯ, паводле interfax.ru

Стужка навінаў