Арменіі не спадабалася беларуская заява аб сітуацыі ў Нагорным Карабаху


Фота: Karen Minasian / AP

Амбасадара Беларусі ў Ерэване запрасілі «на дыван» у МЗС Арменіі.

Ігара Назарука прыняў намеснік кіраўніка дыпламатычнага ведамства Арменіі Шаварш Качаран. Ён пераказаў беларускаму амбасадару глыбокае здзіўленне армянскага боку ў сувязі з шэрагам палажэнняў, якія ўтрымліваюцца ў заяве МЗС Беларусі ў сувязі з падзеямі вакол Нагорнага Карабаху.

Паводле армянскага боку, такая заява не адпавядае духу армянска-беларускіх адносінаў і наносіць шкоду перамоўнаму працэсу, бо заахвочвае да ўжывання сілы ва ўрэгуляванні карабахскага канфлікту.

У заяве МЗС Беларусі гаворыцца, што нашая дзяржава паслядоўна выступае за мірнае развязанне канфлікту ў адпаведнасці з прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, перш за ўсё на аснове захавання і забеспячэння суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і непарушнасці межаў дзяржаў, а таксама адпаведных рэзалюцыяў Рады Бяспекі ААН і рашэнняў АБСЕ.

«Заклікаем бакі неадкладна спыніць агонь і пазбягаць любых крокаў, якія вядуць да росту напружанасці і чалавечых ахвяраў. Разлічваем, што сустаршыні Менскай групы АБСЕ пры падтрымцы ўсіх дружалюбных Азербайджану і Арменіі краінаў выкарыстаюць свой аўтарытэт і ўплыў для забеспячэння дээскалацыі і вяртання да пошуку рашэння карабахскай праблемы за сталом перамоваў», – гаворыцца ў заяве беларускага МЗС.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў