«Арматам» прыйдзецца пачакаць: «расейскі мядзведзь» утаймоўвае ваенна-тэхнічныя апетыты


Масква заканчвае праект сваёй дзяржаўнай праграмы ўзбраенняў (ДПУ) на 2018-2025 гады, якая замест першапачаткова планаванага росту можа засведчыць значнае скарачэнне ваенных выдаткаў усходняга суседа.

Яшчэ ў 2014 годзе міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што кошт ДПУ на новы перыяд можа скласці 30 трыльёнаў расейскіх рублёў, у параўнанні ў 19,6 трыльёна ў папярэдняй праграме.

Аднак эканамічны крызіс, які пачынаўся ў 2013 годзе, здолеў зрэзаць апетыты расейскай «ваенкі» нават на фоне працяглай вонкавапалітычнай істэрыі і войнаў на Данбасе і ў Сірыі. Цяпер расейская праграма набыцця зброі будзе абмежаваная 17 трыльёнамі рублёў (каля $300 мільярдаў), піша выданне vedomosti.ru. Такім чынам скарачэнне склала каля 15 % у параўнанні з мінулай праграмай і амаль 50% у параўнанні з планамі Шайгу ў 2014 годзе.

Як жа вайскоўцы і дырэктары прадпрыемстваў ВПК будуць дзяліць гэтыя грошы? Які лёс напаткае новыя танкі Т-14 «Армата» і самалёты 5-га пакалення?

Парася на ўсіх не хопіць

Нават папярэдняя расейская ДПУ не была выкананая цалкам – у значнай ступені прамысловасць няздольная засвоіць такія абʼёмы грошаў з-за недахопу магутнасцяў, кадраў і праблем з новымі распрацоўкамі.

У той жа час за апошнія гады змяніліся прыярытэты ў накірунках пераўзбраення расейскіх узброеных сілаў, піша lenta.ru. Супрацьстаянне з Украінай, новая халодная вайна з НАТО і экспедыцыя ў Сірыі больш чым на 30 % прымусілі павялічыць планаваныя выдаткі на новую зброю для Сухапутных і Паветрана-дэсантных войскаў.

Расейскі найноўшы танк Т-72Б3, які быў захоплены ўкраінскімі войскамі ў жніўні 2014 году. Фота andrei-bt.livejournal.com.

Ваенна-марскому флоту прыйшлося горш – амбіцыйныя планы па будаванні і мадэрнізацыі новых караблёў скарочаныя амаль у два разы. Эфектныя залпы крылатымі ракетамі з Каспійскага мора кудысьці ў бок Сірыі не вырашаюць больш грунтоўную праблему непадрыхтаванасці новых праектаў расейскай марской тэхнікі да бою і серыйнай вытворчасці.

Анансаваныя раней напалеонаўскія планы па стварэнні цэлага флоту расейскіх авіяносцаў у гэтым кантэксце застаюцца мрояй. Улічваючы, што нават першы авіяносец будаваць яшчэ не пачалі, а ад закладкі да баявой гатовасці такога карабля пройдзе 8-10 гадоў, то ў лепшым выпадку фантазіі расейскіх флатафілаў пра паўнавартасныя авіяносцы будуць мець нейкае дачыненне да рэчаіснасці самае блізкае ў 2030-я гады.

Астатнія сродкі прызначаюцца Ракетным войскам стратэгічнага прызначэння і Паветрана-касмічным сілам (авіяцыі і супрацьпаветранай абароне). Прычым першыя наўрацці зведаюць зніжэнне фінансавання, бо зʼяўляюцца, па меркаванні Масквы, ці не адзінай гарантыяй існавання Расеі, а другія, хутчэй за ўсё, сутыкнуцца і са скарачэннем фінансаванні, і з затрымкамі ў пастаўках найноўшых распрацовак.

«Паркетны танк» «Арамта»?

 

Танк Т-14 “Армата”

Негледзячы на тое, што фінансаванне закупак новых узбраенняў для Сухапутных войск РФ павялічыцца, навінка апошніх некалькіх гадоў – танк Т-14 на гусенічнай платформе «Армата» яшчэ няхутка стане асноўным баявым танкам расейскай арміі.

Наватарская канцэптуальная машына можа аказацца занадта «сырой» і патрабуючай спецыялістаў вельмі высокай кваліфікацыі для абслугоўвання. Пра заканчэнне выпрабаванняў танка дагэтуль нічога невядома, яшчэ менш інфармацыі пра перспектывы іншых машын на гэтай жа платформе – цяжкай баявой машыны пяхоты Т-15, самаходнай артылерыйскай устаноўкі «Кааліцыя-СВ», рэмонтна-эвакуацыйнай машыны Т-16, баявой машыны агнявога падтрымання.

Верагодна, новы танк – найбольш распрацаваная сістэма на адзіным гусенічным шасі – зʼявіцца ў расейскай арміі гамеапатычнымі партыямі на 20-30 машын у год, кажа рэдактар часопісу «Экспарт узбраенняў» Андрэй Фралоў. Такім чынам нават у 2025 годзе падаўляючую большасць расейскіх танкаў у баявых частках будзе складаць тая ці іншая мадыфікацыя савецкага Т-72. Хоць раней абвяшчалася, што да 2020 году расейская армія можа атрымаць ужо 2 300 Т-14.

Ці пачалося выпрабаванне пушкі – асноўнага ўзбраення новага танку – і новых боепрыпасаў да яе дагэтуль невядома.

Такім чынам падаўляючая большасць сучасных сведчанняў пра Т-14 – гэта фота і відэа з парадаў на маскоўскай Краснай плошчы.

Даўгабуд 5-га пакалення

Знішчальнікамі 5-га пакалення называюць самыя сучасныя баявыя машыны – яны адрозніваюцца нізкай заўважальнасцю для радараў, прасунутымі сістэмамі кіравання і перадачы баявой інфармацыі, прасунутай авіёнікай. Цяпер толькі ЗША маюць на ўзбраенне такія самалёты – знішчальнікі F-22 Raptor i F-35 Lightning II.

Расея называе сваёй машынай 5-га пакалення знішчальнік Т-50, які быў створаны па праграме ПАК-ФА. Каля 10 такіх самалётаў ужо лятаюць, і ўжо зараз па першапачатковых планах павінны былі пастаўляцца ў войскі, аднак дагэтуль застаюцца на этапе выпрабаванняў. Няма інфармацыі і пра тое, што самалёт выпрабоўвае сваё ўзбраенне. У мінулым годзе заяўлялася, што серыйныя пастаўкі ПАК ФА пачнуцца з 2018 году. Першая серыя складзе шэсць машын.

Т-50 ПАК ФА.

На базе ПАК ФА Расея і Індыя распрацоўвалі яшчэ адзін самалёт пятага пакалення FGFA – аднак праект аказаўся перад пагрозай зрыву з-за дадатковых фінансавых патрабаванняў Масквы, піша defensenews.com.

Стратэгічны бамбардыроўшчык ПАК ДА – «перспектыўны авіяцыйны комплекс дальняй авіяцыі» – планавалася падняць у паветра ў 2019 годзе, аднак дагэтуль стваральнікі не паказалі нават макета новай машыны.

Беларус на варце?

Пры ўсіх пералічаных праблемах ваеннай прамысловасці Расея захоўвае самую колькасную і тэхналагічна даволі сучасную армію ў Еўропе ды захавае яе ў бліжэйшыя гады, ствараючы такім чынам вялікую небяспеку для ўсіх сваіх суседзяў.

Гэтак, у выпадку аднабаковага супрацьстаяння з Расеяй, нават яе флот зможа нанасіць масіраваныя ракетныя ўдары па беларускіх абʼектах – з недасягальных для любых беларускіх узбраенняў адлегласцяў. Такім чынам беларуская армія і беларускія патрыёты ні ў якім выпадку не могуць дазволіць сабе недаацэньваць праціўніка.

Беларускія ракетныя сістэмы залпавага агню «Ураган» вядуць агонь на вучэннях.

У той жа час эканамічныя праблемы Расіі дрэнна ўплываюць і на слаба рэфармаваную эканоміку Беларусі, шчыльна звязаную з расійскім рынкам. Эканамічны спад у Беларусі замаруджвае пераўзбраенне беларускай арміі, якая ў цэлым дагэтуль у мае савецкую тэхніку канца 1980-х гадоў.

Такая сітуацыя патрабуе для абароны незалежнасці любой краіны нашага рэгіёну не толькі дыпламатычных гарантыяў з боку ЗША, НАТО ці іншых вялікіх гульцоў сусветнай палітыкі, аднак і рэальнай гатовасці нанесці любому агрэсару непрымальныя для яго страты, якія зробяць напад занадта дарагой і рызыкоўнай справай.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў