Арктычны фронт: Нарвегія ўзбройваецца ў адказ на пагрозу з Расеі


Парламент Нарвегіі прыняў новы доўгатэрміновы план нацыянальнай абароны і плануе маштабныя выдаткі на новыя ўзбраенні, гаворыцца ў паведамленні «Reuters».

Краіна-сябар НАТО мае толькі кароткі сухапутны адрэзак мяжы з Расеяй за Палярным колам, аднак вялікую марскую мяжу, якая доўгі час ужо зʼяўляецца абʼектам спрэчак. Перш за ўсё Маскву і Осла турбуюць запасы нафты і прыроднага газу, якія могуць знаходзіцца ў арктычным шэльфе.



Суседнія нейтральныя Швецыя і Фінляндыя таксама выказвалі сваю занепакоенасць адносна рэзкага падвышэння ваеннай актыўнасці Расеі каля сваіх межаў.

«У нас усё больш непрадказальны сусед на Усходзе, які ўзмацняе свае ваенныя магчымасці і паказвае жаданне выкарыстоўваць ваенную сілу як палітычны інструмент», – казала яшчэ ўлетку прэмʼер Нарвегіі Эрна Солберг.

Новы план прадугледжвае структурную рэформу ўзброеных сіл, у тым ліку скарачэнне неэфектыўных выдаткаў і выкарыстанне зэканомленых грошаў разам з мільярдамі долараў новых уліванняў на найноўшыя ўзбраенні і тэхніку.

Гэтак будуць зачыненыя 11 старых ваенных базаў па ўсёй тэрыторыі краіны. Будзе скарочаная колькасць адміністратыўнага апарату, але павялічацца баявыя часткі. Агулам лічыцца, што эканомія дасць дадатковых $4,8 мільярда на год, піша defensenews.com.

Фота forsvaret.no
Фота forsvaret.no

За бліжэйшыя 20 гадоў Нарвегія дадасць да ваеннага бюджэту амаль $20 мільярдаў. Краіна купляе найноўшыя амерыканскія знішчальнікі «стэлс» F-35 Lightning II, будзе купляць падводныя лодкі, марскую авіяцыю, сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Таксама будуць адчыненыя базы часоў Халоднай вайны, у якіх будзе захоўвацца ўзбраенне і рыштунак для амерыканскіх жаўнераў, калі тым спатрэбіцца хутка прыбыць на тэрыторыю хаўрусніка.

«Новая сітуацыя ў сферы бяспекі падвышае патрэбу ў кантролі палажэння каля нашых межаў. Трэба ўзмацніць нашу здольнасць спраўляцца з сучаснымі і будучымі выклікамі», – заявіла міністр абароны краіны Інэ Эрыксен Сёрэдэ.

Нарвегія не адмаўляецца ад прызыўной арміі, а нядаўна пашырыла яго і на жанчын. Служба ў арміі карыстаецца вялікай папулярнасцю. Асобна існуе Краёвая Абарона – добраахвотніцкія фармаванні мясцовых жыхароў пад дзяржаўным кантролем.

Фота straitstimes.com
Фота straitstimes.com

У 2016 годзе абаронны бюджэт Нарвегіі вырас на 9,8 адсотка да $6 мільярдаў. Гадавы бюджэт беларускага войска – каля $0,7 мільярда.

«Мы не можам выключаць магчымасць таго, што Расея будзе разглядаць выкарыстанне вайсковай сілы як магчымага інструменту ў Запалярным рэгіёне. Таксама, хоць патэнцыяльны крызіс наўрад ці ўзнікне ў непасрэднай блізасці ад Нарвегіі, на нас можа непасрэдна паўплываць канфлікт, які пачнецца ў іншым рэгіёне», – гаворыцца ў афіцыйным апісанні доўгатэрміновага плана развіцця нарвежскай арміі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў