Археолагі адправяцца на раскопкі «Гораду малпінага бога»


Прэзідэнт Гандурасу Хуан Арлянда Эрнандэс (Juan Orlando Hernández) распавёў пра планы навукоўцаў даследаваць закінуты ў джунглях раён, дзе, як мяркуецца, ляжаць руіны легендарнага «Гораду малпінага бога».

Гэта старажытнае селішча, вядомае таксама як Белы горад, славілася нечуваным па сваіх часах багаццем.

Скарбы «Гораду малпінага бога» спрабавалі знайсці ў свой час яшчэ іспанскія каланізатары.

У 2012-ым годзе амерыканскія даследнікі паказалі знятыя з паветра дакументальныя кадры аднаго з куткоў біясфернага запаведніку Рыа-Плятана (Río Plátano) у Гандурасе.

На іх бачныя руіны, якія, паводле археолагаў, могуць быць рэшткамі легендарнага старажытнага гораду-дзяржавы.

Летась часопіс «National Geographic» паведаміў, што ў глыбіні запаведніка навукоўцы выявілі дзясяткі артэфактаў: выразаныя з каменю фігуры і барэльефы, магільныя курганы і піраміды.

Прэзідэнт Эрнандэс заявіў, што новая археалагічная экспедыцыя пачне сваю працу на месцы выяўленых у джунглях руінаў цягам найбліжэйшых некалькіх дзён.

Пра старажытныя цывілізацыі, якія існавалі на тэрыторыі Цэнтральнай Амерыкі перад яе каланізацыяй еўрапейцамі, вядома няшмат. Напрыклад, цывілізацыя, якая пабудавала Белы горад і бясследна знікла, не мае нават наймення.

Упершыню пра Белы горад распавёў вядомы амерыканскі лётчык Чарлз Ліндбэрг (Charles Lindbergh), які, пралятаючы над джунглямі ва ўсходняй частцы Гандурасу, убачыў унізе светлыя руіны, магчыма, з белага вапняку.

У 1939-ым годзе журналіст Тыядар Морд (Theodore Morde) сцвярджаў, што знайшоў Белы горад, які ён называў «Горадам малпінага бога». Гэтак горад называлі ў мясцовых легендах. Аднак падарожнік адмовіўся раскрываць каардынаты месца і забраў таямніцу з сабой у магілу. Навукоўцы не паверылі Морду, бо той меў «славу» авантурыста.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў