Аргкамітэт Дня Волі не дамовіўся з Міколам Статкевічам пра план акцыі 25 сакавіка


У Менску ў сядзібе БНФ прайшла нарада арганізацыйнага камітэту Дня Волі, на якой прадстаўнікі апазіцыі абмеркавалі план правядзення шэсця 25 сакавіка.

Сябры Камiтэту дамовiлiся распачаць шэсце ў 14:00 ад будынку Акадэмii навук. Адзначаецца, што шэсце будзе насiць мiрны, негвалтоўны характар.

Сёлета аргкамітэт Дня Волі-2017 складаецца з прадстаўнікоў Партыі БНФ, «Руху За Свабоду», руху салідарнасці «Разам», аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

У нарадзе ўзялi удзел адказны сакратар партыі БХД Дзянiс Садоўскi, Мiкола Статкевiч, лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу, лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сiўчык, чалец Руху «За Свабоду» Юрась Меляшкевiч, Аляксей Янукевiч, лiдар Партыi БНФ i iншыя.

«Нарада прайшла цяжка. Добра, што адбыўся такі адкрыты, шчыры дыялог. Больш за тры гадзіны мы размаўлялі. Нейкага выніку на дадзены момант няма. Неабходна будзе працягнуць размовы, дамовы, кансультацыі. […] Ёсць сапраўды прынцыповая рознасць падыходаў і план мусіць быць ва ўсіх дэталях загадзя ўзгоднены і агучаны», – пракаментаваў сустрэчу лідараў апазіцыі Аляксей Янукевіч.

Мікола Статкевіч агучыў план шэсця на Дзень Волі-2017

«Мы лічым, што гарантам таго, што шэсце пройдзе мірна, годна і належным чынам ёсць не вызначыць аднаго нейкага лідара, які будзе спрабаваць ўсім кіраваць, а вызначыць план і гэты план агучыць. Каб план быў зразумелы ўсім людзям. Каб кожны ўдзельнік ужо ведаў, дзе і як акцыя пачнецца, па якім маршруце пойдзе і дзе скончыцца, што самае галоўнае: якім чынам акцыя завяршыцца», – дадаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Наступным разам Аргкамітэт плануе сабрацца на наступным тыдні, пасля таго, як будзе рашэнне гарвыканкаму для таго, каб найлепшым чынам правесці акцыю.

Пра прыманне на сябе кіравання акцыяй заявіў (відэа) экс-кандыдат на прэзідэнта, былы палітвязень і цяперашні лідар Беларускага нацыянальнага Кангрэсу Мікола Статкевіч.

Палітык прапанаваў уладам мірны сцэнар пераменаў праз дыялог, народу нагадаў пра еднасць і сілу, а праваахоўнікам прыгадаў пра змену ўлады.

Як у Менску будуць святкаваць Дзень Волі



Лідары партыяў, якія складаюць касцяк арганізацыйнага камітэту, Юрась Губарэвіч, Анатоль Лябедзька, Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі адбываюць содні адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мірных шэсцях супраць дэкрэту № 3.

ВД, belsat.eu

 

Стужка навінаў