Арганізатары «Маршу недармаедаў» просяць дазволіць шэсце ад будынку Акадэміі навук да плошчы Бангалор


15 сакавіка – не толькі дзень Канстытуцыі, але і Марш дармаедаў. Дата – не выпадковая, бо Дэкрэт аб дармаедстве – антыканстытуцыйны дакумент, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам. Заяўку на правядзенне акцыі ў сталіцы падалі ў Менгарвыканкам прадстаўнікі некалькіх апазіцыйных партый. Арганізатары просяць дазволіць шэсце ад будынку Акадэміі навук да плошчы Бангалор.

«Мы запрашаем сюды людзей, якіх сапраўды непакоіць гэтае пытанне, абураныя, што дзяржава абірае людзей», – кажа актывіст БХД Дзяніс Садоўскі.

«Наша мэта – правесці мірную акцыю, дазволеную, у якой узялі б удзел як мага больш людзей, якія з указамі не згодныя аб нейкіх дармаедах», – кажа Ірына Вештард з БХД.

«Калі не будзе вулічнага пратэсту, ціску на ўлады, то гэты дэкрэт не адменяць», – распавядае Дзмітрый Кучук з беларускай партыі «Зялёныя».

Тым часам да 5 лютага працягнецца збор подпісаў за адмену «Дэкрэту аб дармаедах». І ў сталіцы, і ў рэгіёнах жыхары ахвотна падпісваюцца.

Найбольш актыўна збіраюць подпісы актывісты Абʼяднанай грамадзянскай партыі ў Менску, Магілёве, Гомлі, Баранавічах, Бярозе, Белаазёрску, Пружанах, Ружанах, Іўі. Калі гарадзенскія актывісты запрашаюць гараджан падпісацца да сябе ў офіс, то івацэвіцкі актывіст Аляксандр Кабанаў з падпіснымі аркушамі пабываў на гарадскіх рынках, збіраў подпісы на вуліцах ды нават у электрычцы. Жыхары не толькі падпісваліся, але і без ранейшай уласцівай беларусам боязі выказвалі сваё абурэнне.

«У савецкі час было працы валам, то можна было нешта».

«Не сурʼёзны дэкрэт. Ён у духу савецкага часу, а час змяніўся».

«У мяне ёсць праца, але дурны дэкрэт. У нас зачыні прадпрыемствы, але хочуць, каб мы плацілі падатак. Гэта трэба ж здагадацца!»

«У Івацэвічах нават мільён заробак не знойдзеш. Соткі долараў няма. Нават вакансіяў няма».

«Дурасць і тупасць. Дайце спачатку людзям працу».

Падпісацца можна і пад электронным зваротам. Усяго па краіне, паводле звестак, што прадставіла нам АГП, на дадзены момант актывісты сабралі ўжо больш за 10 тысяч подпісаў.

Стужка навінаў