Арганізатары канцэрту на 100-годдзе БНР запрасілі Міхалка. Але ён не прыйдзе


Арганізатары кампаніі па адзначэнні 100-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР у адкрытым лісце звярнуліся да беларускага музыкі, лідара гурта Brutto Сяргея Міхалка з заклікам выступіць на святочным канцэрце.

Паводле словаў арганізатараў, у іх штодня пытаюць, ці будзе Міхалок удзельнічаць у канцэрце, які адбудзецца 25 сакавіка ля менскага Вялікага тэатру оперы і балету.

«Але мы ня ведаем, што адказваць, бо не можам ужо тыдзень звязацца з вамі асабіста. Таму вырашылі апублікаваць гэты зварот і патлумачыць, чаму вельмі важна, каб 25 сакавіка вы выступілі на святкаванні 100-годдзя незалежнасці БНР», – напісалі яны.

У лісце таксама гаворыцца, што тысячы беларусаў шмат гадоў ездзілі на канцэрты Міхалка ў бліжэйшыя краіны, калі ў Беларусі яны не былі дазволеныя. Сярод песень Міхалка, якія, на думку арганізатараў, хацелі б пачуць беларусы падчас святочнага канцэрту – «Грай», «Не быць скотам», «Родны край», «Будзь смелым», «Belarus Freedom».

Пазней дырэктар Brutto Антон Азізбекян паведаміў Радыё Свабода, што Міхалок не зможа прысутнічаць на свяце ля Опернага, бо выступае 25 сакавіка ў Мазыры.

Канцэрт у Мазыры заплянаваны ўжо даўно, патлумачыў Азізбекян, і ніякія змены ў графіку ўжо немагчымыя. Тым больш, як ён кажа, канцэрт — гэта не проста «прыехаць, выйсці на сцэну і адспяваць». Выступ рыхтуецца за некалькі дзён, трэба прывезці апаратуру, наладзіць яе і праверыць.

***

Нагадаем, канцэрт ля Опернага пачнецца а 14-й гадзіне 25 сакавіка. Ён санкцыянаваны ўладамі. Свой удзел ім пацвердзілі гурты Amaroka, Dzieciuki, «Крама» і спявак Пётра Клюеў. Таксама чакаецца выступ Лявона Вольскага, гуртоў Akute, Neuro Dubel і J:Морс.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў